У Мінску стартаваў юбілейны Калядны турнір аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі

3 января 2019

Першыя студзеньскія дні праходзяць у Беларусі пад знакам здаровага ладу жыцця і яркіх спаборніцтваў. Сёння ў Мінску стартаваў юбілейны Калядны міжнародны турнір аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі. Пятнаццаты раз год спартыўны ў нашай краіне пачынаецца менавіта з гэтай падзеі, якую ўсё часцей называюць не інакш як неафіцыйным чэмпіянатам свету сярод аматараў. І гэта поўнасцю апраўдана, калі ўлічыць, якія майстры прыязджаюць у Беларусь у складзе каманд: тут і чэмпіёны свету, і прызёры алімпіяд, былыя энхаэлаўцы, пераможцы першынстваў вядучых хакейных дзяржаў свету. Сёлета за галоўны прыз пазмагаюцца 12 дружын. Дэбютуюць на турніры адразу дзве аматарскія зборныя. Гэта каманда Міжнароднай федэрацыі хакея і зборная краін Балтыі. Вось такая спартыўная дыпламатыя - хакеісты Эстоніі, Літвы і Латвіі згуляюць у адной камандзе. Дарэчы, з Рыгай у звязцы выступіць і Мінск у 2021 годзе падчас правядзення дзвюма краінамі чэмпіянату свету.

Выступаючы сёння на цырымоніі адкрыцця, наш Прэзідэнт назваў Калядны турнір унікальным. Бо гэта прыклад таго, як спорт аб'ядноўвае народы, нягледзячы на палітычныя крызісы і рознагалоссі. Адзначыў Аляксандр Лукашэнка і тое, што вопытныя спартсмены задаюць правільны арыенцір для маладога пакалення. Як і летась, на "Чыжоўка-Арэне" паралельна з баталіямі дарослых хакеістаў згуляюць і юныя аматары гэтага віду спорту: "Залатая шайба" зноў збірае сяброў. Фінал рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў таксама пройдзе 7 студзеня.

Такім чынам, самае галоўнае пра першы дзень маштабнага свята хакея: падрабязнасці гульняў і эмоцыі вялікага спартыўнага свята ў Станіслава Ліпскага.

Россып хакейных зорак у сталіцы: экс-гулец мінскага "Дынама" Ёзеф Штумел, легенда "Нью Джэрсі Дэвілз" Дайнюс Зубрус, тут жа прызёр Алімпіяды Радзек Тоўпал, чэмпіён свету 1993 года Андрэй Нікалішын. Асабліва хочацца выдзеліць Эдыйса Брахманіса з Латвіі. Менавіта гэты хакеіст - легенда беларускай Экстралігі, у нашым чэмпіянаце ён стаў усяго восьмым гульцом, каму ўдалося закінуць 200 шайбаў!

Спіс імёнаў можна працягваць доўга - у складзе кожнай з дванаццаці дружын можна выдзеліць як мінімум па адным звяне з прыстаўкай "супер". 

У дэбютным супрацьстаянні XV Каляднага турніру Славакія адолела Швейцарыю 10:4, Штумпел закінуў закінуў адну шайбу. 

"Чыжоўка-Арэна" найбліжэйшыя пяць дзён будзе перапоўнена эмоцыямі: звязка "Каляды плюс хакей" вось ужо пятнаццаты год запар нікога не пакідае абыякавым з гасцей Беларусі і спарткомплексу ў прыватнасці. 

Паралельна перамозе Славакіі на вялікай арэне дружына ААЭ (дарэчы, гэтай усходняй краіне менавіта мы, беларусы, дапамагаем развіваць хакей) справілася з камандай Балкан 9:4. А вось хакеісты Германіі толькі сёння ноччу прыляцелі ў Мінск, іх першая гульня заўтра супраць чэхаў. 

Пераемнасць пакаленняў - аб'яднаўчая сіла спорту, найважнейшы складальнік спаборніцтваў у Мінску, таму паралельна баталіям дарослых хакеістаў на "Чыжоўка-Арэна" і ў Палацы спорту праходзіць фінал "Залатой шайбы" ў старэйшай узроставай групе. Восем дружын падзелены на два квартэты. Фінал адбудзецца таксама 7 студзеня. Галоўны фаварыт - каманда "Грыфоны", летась яна саступіла ў фінале, сёлета накіраваная на рэванш. У першым матчы дружына з Цэнтральнага раёна сталіцы разграміла жлобінскі "Металург" 12:4, салігорскі "Шахцёр" саступіў прынёманскім "Ястрабам" 2:3.

Калядны турнір традыцыйна адкрывае год спартыўны ў нашай краіне, у свеце гэтыя спаборніцтвы без перабольшання называюць планетарным форумам сярод аматараў, што можна растлумачыць такімі імёнамі ў заявачных пратаколах. Таму і адносіны да старту з боку Кіраўніка дзяржавы павышаныя: Аляксандр Лукашэнка адзначае гэта сёння на цырымоніі адкрыцця, падкрэсліваючы, што гэтае свята хакея арганізавана перш за ўсё для балельшчыкаў, каб кожны адчуў на сабе чароўны момант, убачыўшы на свае вочы некалі спартыўных куміраў сваёй маладосці. Пачынаць год у добрым спаборніцкім тэмпе - ужо даўно добрая традыцыя беларусаў. 

Каманда Кіраўніка дзяржавы асаблівая, адзначаюць усе ўдзельнікі спаборніцтваў. Згуляць у хакей супраць Прэзідэнта краіны - магчымасць унікальная, рэалізаваць якую можна толькі ў Беларусі. Таму акрамя знакамітых гульцоў у мінулым, сёння на лёдзе дзеючыя хакейныя функцыянеры розных краін. Гульня робіць кожнага з іх бліжэйшым адзін да аднаго - на лёдзе, у падтрыбунных памяшканнях, у раздзявальнях або, калі хочаце, у кулуарах вырашаюцца дзясяткі пытанняў аб супрацоўніцтве ў плане развіцця хакея. Беларусь тут гатовая працягнуць руку дапамогі кожнаму, а гэта і ёсць прыклад спартыўнай дыпламатыі. 

Дарэчы, у матчы-адкрыцці 11-разовы трыумфатар турніру - каманда Прэзідэнта - гуляла супраць дэбютанта старту - дружыны ІІХФ. Міжнародная федэрацыя хакея пад сваім флагам сабрала хакейных функцыянераў з Польшчы, Фінляндыі, Ізраіля, Швейцарыі, Украіны і Расіі. Дарэчы, яшчэ адзін прыклад аб'яднальнай сілы спорту.

Перамаглі гаспадары 13:7. Аляксандр Лукашэнка ў свой актыў запісаў 4 балы па сістэме "гол плюс пас", тройчы асісціраваўшы партнёрам. 

Заўтра беларусы праэкзаменуюць зборную Балтыі: Літва, Латвія, Эстонія выступяць адзіным цэлым.

Германія пазмагаецца з Чэхіяй, сапернік Кітая - ААЭ. У першым матчы гульнявога дня Швейцарыя сустрэнецца з камандай Расіі. Пачатак баталій на лёдзе "Чыжоўка-Арэны" ў 12:30. Уваход вольны.