У Мінску стартаваў моладзевы чэмпіянат Еўропы ў фармаце тры на тры

21 августа 2015

Без перабольшання - гістарычная падзея ў беларускім баскетболе. У Мінску стартаваў моладзевы чэмпіянат Еўропы ў фармаце тры на тры. Турнір праходзіць каля Палаца спорту на нядаўна адкрытай "Палова-Арэне". 16 мужчынскіх і 16 жаночых зборных з 22 краін Старога Свету пазмагаюцца за медалі чэмпіянату, які ў гэткім маштабным фармаце праходзіць упершыню. Рэпартаж Паўла Капуцкага.

Зарадзіўся ў 50-х у бедных раёнах ЗША і ледзь больш чым за паўстагоддзя дарос да прэтэндэнта на трапленне ў алімпійскую праграму. Баскетбол тры на тры - від спорту для шматлікіх яшчэ дзіўны, хоць правілы вельмі простыя. Дзве каманды на пляцоўцы памерам у палову ад класічнай гуляюць на адно кальцо 10 хвілін. Або да 15 ачкоў.

У Мінску зараз нямала босаў еўрапейскага баскетбола. Людзей, якія вызначаюць месца правядзення найбуйнейшых турніраў. І цяперашні чэмпіянат для нас - прыступка на шляху да жаночага Еўрабаскета-2019.

Каміл Новак, рэгіянальны дырэктар ФІБА-Еўропа: "Беларусь ужо падавала заяўку на правядзенне жаночага Еўрабаскета-2015. Але тады я, на жаль, не быў у кіраўніцтве ФІБА. Гледзячы на тое, як праводзіцца чэмпіянат Еўропы, якая праца была праробленая за кароткі прамежак часу, я ўпэўнены: калі ваша краіна падасць заяўку, то ў яе ёсць усе шанцы на перамогу".

Пасля цырымоніі адкрыцця пачаліся першыя матчы. У стартавым паядынку беларускія дзяўчаты сустракаліся з лідарамі сусветнага рэйтынгу - камандай Венгрыі. Упэўненая перамога гаспадынь - 15:7.

Зрэшты, абедзвюм беларускім камандам да фіналу яшчэ далёка: шанцы на перамогу захоўваюць усе зборныя. Дарэчы, акрамя гаспадароў, кожны з удзельнікаў прабіраўся на гэты чэмпіянат праз кваліфікацыю. Яна праходзіла ў тры этапы: у Галандыі, Італіі і Латвіі.

Увядзенне баскетбола тры на тры ў алімпійскую праграму пакуль больш падобна на фантастыку, але такія гутаркі маюць месца. Пакуль жа шоу робіцца на неалімпійскім узроўні. І, акрамя саміх матчаў, у Мінску шырокая забаўляльная праграма. Ва ўсім разабрацца дапамагаюць валанцёры.

Развязка першага ў гісторыі моладзевага чэмпіянату Еўропы па баскетболе тры на тры здарыцца тут, пад белым купалам "Палова-Арэны". Фінальныя матчы пройдуць у нядзелю. Уваход на іх, як і на астатнія паядынкі турніру, свабодны.