У Мінску стартаваў ІІ Міжнародны турнір памяці Руслана Салея

16 августа 2013

Два гады таму авіякатастрофа забрала жыцці цэлай хакейнай каманды Лакаматыў. На борце злашчаснага рэйса з Яраслаўля ў Мінск было трое беларусаў. Сярод іх і адзін з самых паспяховых хакеістаў краіны, капітан беларускай зборнай Руслан Салей. Праз час у памяць аб праслаўленым спартсмене было прынята рашэнне правесці турнір, які ўжо стаў традыцыйным. У гэтыя хвіліны ў Мінск-Арэне працуе наш карэспандэнт Андрэй Іваноў.



Другі год запар хакейны сезон у Беларусі адкрывае турнір памяці Руслана Салея, выдатнага чалавека, класнага гульца, пра якога, на жаль, мы зараз можам гаварыць толькі ў прошлым часе. Кім быў Руслан для зборнай Беларусі - безумоўна, усім! У 90-я гады ён нараўне з астатнімі выводзіў нацыянальную каманду з ніжэйшых дывізіёнаў у эліту, гуляў на трох Алімпіядах, у фінале Кубка Стэнлі.


Гэта быў чалавек са стальным стрыжнем унутры. Хакеіст, які лепш за любога трэнера мог данесці да каманды, як і што трэба рабіць на пляцоўцы. Напярэдадні старту турніру мы пагутарылі са старшынёй Федэрацыі хакея Яўгенам Ворсіным.


Яўген Ворсін, старшыня Беларускай федэрацыі хакея: Як бы банальна не гучалі гэтыя словы, але жыццё працягваецца. Трэба жыць і памятаць заслугі чалавека. Менавіта таму сезон і пачынаецца з турніру Руслана Салея, менавіта таму Кубак Беларусі носіць імя капітана.


Нягледзячы на тое што афіцыйная цырымонія адкрыцця праходзіць у гэтыя хвіліны, турнір пачаўся днём матчам паміж гродзенскім Нёманам і маскоўскім Спартаком. Ён, дарэчы, завяршыўся перамогай Спартака. Зараз жа на лёд выйшлі мінскае Дынама і хабараўскі Амур. Пра вынік гэтага паядынку мы паведамім у рамках інфармацыйнага канала Панарама.