У Мінску стартаваў чэмпіянат свету па футзале

17 апреля 2015

І хоць надвор'е гэтымі днямі не радуе, але гэта ўжо сапраўды не азмрочыць настрой гасцей вялікага спартыўнага свята. Чэмпіянат свету па футзале пройдзе пры любым надвор'і. Сёння ў беларускай сталіцы адкрылася сусветнае першынство і адразу з гістарычнай гульні Беларусь-Бразілія. Некалькі хвілін таму матч завяршыўся. Няпростую перамогу святкавалі беларусы з лікам 2:1. А тым, хто не змог трапіць на паядынак, тэлеканал "Беларусь 5" падрыхтаваў трансляцыю гульні - пачатак у 21:50.

На матчы з удзелам беларускай зборнай, а таксама на цырымоніі адкрыцця планетарнага форуму, пабываў і наш карэспандэнт Андрэй Іваноў. І ў яго ўсе падрабязнасці. Людна ля "Мінск-Арэны" стала за гадзіну да цырымоніі адкрыцця. Улічваючы дажджлівае і абсалютна не вясновае надвор'е, балельшчыкі спяшаліся хутчэй прабрацца ўнутр. Фанацкі дрэс-код - асобная тэма. Ідэнтыфікаваць "сваіх" было не складана, зрэшты, прыехалі ў Мінск і прыхільнікі Бразіліі.

Заўважаем на трыбуне зборную Аўстраліі, якая прыляцела раней за іншых. Самы папулярны прадмет у руках гульцоў - мабільны тэлефон з камерай. Для абсалютнай большасці такія арэны ў навіну.

Акрамя чэмпіёна Еўропы і арганізатара, Беларусі, Стары Свет ў Мінску прадставяць Бельгія, Нарвегія, Славакія, Чэхія і Расія.

Сур'ёзнае прадстаўніцтва мае Паўднёвая Амерыка: Бразілія, Уругвай, Парагвай, Венесуэла, Калумбія. Самая экзатычная каманда прадстаўляе Кюрасаа, астраўная дзяржава Карыбскага басейна. Дапаўняюць спіс Аўстралія і Кыргызстан.

Перш, чым да мікрафона падышлі афіцыйныя асобы, каб адкрыць чэмпіянат, маскот турніру Вожык (менавіта так яго клічуць афіцыйна) прадэманстраваў цуды акрабатыкі, спусціўшыся на паркет з-пад даху пры дапамозе альпінісцкага абсталявання. Прадстаўнікоў Нарвегіі гэты трук прымусіў перайсці на рускую.

"Чараўнікі мяча" час да стартавага свістка бавілі, раздаючы аўтографы. Як здалося з боку, ужо вельмі яны былі ўпэўненыя ў сваёй перамозе.

Чалавек, які прыйшоў на футзал упершыню, адразу зробіць для сябе выснову - арбітры на матчах сімпатызуюць менавіта бразільцам.

Чаму так, спытаецеся вы? Усё проста. Адным з прадметаў гардэроба ў суддзяў у гэтым відзе спорту з'яўляюцца белыя штаны, і менавіта ў іх, на думку галоўнага героя рамана "12 крэслаў", у Рыа ходзяць абсалютна ўсе.