У Мінску сабраліся наймацнейшыя велагоншчыкі планеты

19 января 2018

Сталічны веладром упершыню ў гісторыі прымае заключны этап Кубка свету па веласпорце на трэку. За медалі змагаюцца каля трохсот спартсменаў. Сярод галоўных фаварытаў - каманды Францыі, Нідэрландаў, Польшчы і Расіі. Не збіраюцца саступаць канкурэнтам і гаспадары - беларусы. Нашы спартсмены прадстаўленыя зборнай і веласіпедным клубам "Мінск". Вынікі першага дня - у Алены Гарэльчык.

Кентэн Лафарг з беларускім веладромам добра знаёмы, цяперашні візіт - ужо трэці. Двухразовы чэмпіён Еўропы ў складзе зборнай Францыі прыехаў у Мінск перамагаць. Але такіх, як ён, тут каля трохсот.

Ядро веладрома разбіта на боксы. У кожнай каманды - свой. Тут спартсмены маральна рыхтуюцца да стартаў, размінаюцца, механікі наладжваюць веласіпеды. Бо вынік залежыць нават ад таго, наколькі дбайна будуць працёртыя трубкі.

Дбайны агляд і ўзважванне да грама. Гэтыя людзі працуюць выключна ў белых пальчатках, і менавіта ад іх вердыкта залежыць - ці дапусцяць веласіпед, а значыць і спартсмена на старт.

Усяго ў Мінску разыграюць 17 камплектаў узнагарод у 9 відах праграмы. Але заключны этап Кубка свету - гэта магчымасць не толькі ўзяць яшчэ адзін тытул. Старт - як самакантроль перад лютаўскім чэмпіянатам свету ў Апельдорне.

За крок ад медалёў у першы дзень спыніўся наш Раман Раманаў, Іна Савенка ў групавой гонцы па ачках паказала шосты вынік. Прайшлі далей нашы спрынтэры.