У Мінску наймацнейшыя велагоншчыкі свету змагаліся за медалі заключнага ў сезоне этапу Кубка планеты

21 января 2018

У Мінску наймацнейшыя велагоншчыкі свету на гэтых выхадных змагаліся за медалі заключнага ў сезоне этапу Кубка планеты. Спаборніцтвы падобнага ўзроўню Беларусь прымае ўпершыню. Нашы спартсмены былі блізкія да п'едэстала, асабліва ў мужчынскай гонцы, у ачках і могуць занесці сабе ў актыў новы рэкорд краіны ў мужчынскім камандным спрынце.

Варта адзначыць, міжнародныя функцыянеры засталіся задаволеныя ўсім убачаным падчас этапу Кубка свету і выказалі ўпэўненасць у тым, што і спаборніцтвы па велатрэку на ІІ Еўрагульнях пройдуць на самым высокім узроўні.

Энрыка дэла Каса, генеральны сакратар Еўрапейскага саюза веласіпедыстаў: "Я ў Мінску ўжо трэці раз - двойчы прыязджаў на спаборніцтвы па веласпорце. Лічу, гэты веладром - адзін з лепшых у свеце. Вельмі рады, што ў праграму ІІ Еўрагульняў упершыню патрапіў веласпорт, як шаша, так і трэк. Гэта дасць магчымасць спартсменам набіраць ачкі для кваліфікацыі ўжо на Алімпіяду ў Токіа. У пытанні арганізацыі спаборніцтваў мы цалкам давяраем беларускай федэрацыі. Яркі прыклад, як павінна быць, - гэты этап Кубка свету. У вас працуюць кваліфікаваныя кадры, значыць, усё пройдзе паспяхова".