У Мінску з афіцыйным візітам знаходзіцца каардынацыйная камісія ЕАК

21 сентября 2017

Беларусь працягвае падрыхтоўку да самага буйнога спартыўнага форуму ў сваёй гісторыі. У першы дзень восені Мінск заключыў кантракт на правядзенне Еўрагульняў-2019, а на гэтым тыдні ў сталіцы праходзіць першы афіцыйны візіт каардынацыйнай камісіі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў. Вядучыя спартыўныя функцыянеры кантынента праводзяць кансультацыі і даюць рэкамендацыі беларускім арганізатарам.

Рэпартаж Паўла Капуцкага.

Амаль чатыры дзясяткі спартыўных функцыянераў з усёй Еўропы. Раніцу пачалі ў Зале славы Нацыянальнага алімпійскага камітэта з сумеснага пасяджання. Першы афіцыйны візіт каардынацыйнай камісіі пачаўся ў аўторак, а завершыцца ў суботу.

Георгій Катулін, дырэктар фонду "Дырэкцыя другіх Еўрапейскіх гульняў 2019 года": "Агульнае ўражанне членаў каардынацыйнай камісіі станоўчае, яно (гэтае ўражанне) было закладзена яшчэ ўчора. Мы ўвесь дзень шчыльна працавалі непасрэдна з экспертамі. Такая форма дазволіла абмяняцца значна большай інфармацыяй і мець больш выразнае ўяўленне".

Спірас Капралас, старшыня каардынацыйнай камісіі ЕАК, прэзідэнт НАК Грэцыі: "У вас ёсць вопыт правядзення чэмпіянату свету па хакеі. Але ўявіце, што тут пройдзе адразу 15 чэмпіянатаў свету па розных відах спорту. Гэта складана, патрэбная інтэграцыя, бо падзея закране не толькі людзей, якія жывуць тут. Гэта важна для ўсяго еўрапейскага спорту. Я спадзяюся, калі ўсё скончыцца, людзі падзякуюць Беларусі за выдатную арганізацыю".

У другіх Еўрагульнях чакаецца ўдзел каля 4 тысяч спартсменаў з 50-ці краін. Для 15-ці відаў спорту задзейнічаюць 12 аб'ектаў. Спаборніцтвы ў 10-ці відах паўплываюць на адбор да Алімпіяды ў Токіа. Пераможцы ў боксе, веславанні на байдарках і каноэ, каратэ, стральбе і настольным тэнісе аўтаматычна трапяць на Гульні ў Японію ў 2020 годзе.

Чэмпіянат Еўропы па дзюдо стане часткай нашых Еўрагульняў. А вось другі алімпійскі від - таэквандо - канкурэнцыі не вытрымаў. Міжнародная федэрацыя пакрыўдзілася і забрала ў Мінска чэмпіянат Еўропы, які павінен быў прайсці напрыканцы кастрычніка.

Рафаэле Паньёці, генеральны сакратар Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў: "Вядома, мы можам зразумець федэрацыі, віды спорту, якія не ўвайшлі ў праграму Гульняў. Але мы павінны былі сачыць за тым, каб у спіс трапілі толькі тыя віды, спаборніцтвы па якіх можна было арганізаваць добра ў Мінску. Была вялікая канкурэнцыя паміж відамі спорту, але зараз спіс складзены, і ніякіх дапаўненняў быць не можа".

Азад Рахімаў, член каардынацыйнай камісіі ЕАК, міністр моладзі і спорту Азербайджана: "Мэта - прыцягнуць як мага больш турыстаў у Мінск. І чым больш прыгажэйшай будзе інфармацыя аб спаборніцтвах, чым больш момантаў, звязаных з гісторыяй, музыкай, культурай Беларусі, тым больш людзей захочуць прыехаць у Мінск. Вы абавязаныя дасягнуць, таму што Мінск - выдатны горад".

Афіцыйны дэвіз Еўрагульняў "Яркі год - яркі ты". Да 15-га лістапада адкрыты конкурс на распрацоўку талісмана.

Сяргей Бубка, член каардынацыйнай камісіі ЕАК, прэзідэнт НАК Украіны: "У алімпійскім руху ёсць палітыка і філасофія прэзідэнта МАК Томаса Баха наконт скарачэння выдаткаў. Таму вельмі важная для правядзення любых буйных алімпійскіх спаборніцтваў дзеючая інфраструктура. У вас ёсць інфраструктура, таму вам не трэба несці нейкія дадатковыя выдаткі".

Георгій Катулін, дырэктар фонду "Дырэкцыя другіх Еўрапейскіх гульняў 2019 года": "Еўрапейскія алімпійскія камітэты аплацяць дарогу ўсіх удзельнікаў спаборніцтваў, афіцыйных асоб, суддзяў нацыянальных алімпійскіх камітэтаў. Пражыванне ў вёсцы забяспечваем мы. Прадстаўнікі нацыянальных алімпійскіх камітэтаў (прэзідэнты і генеральныя сакратары) плацяць за сябе таксама. ЕАК таксама за сябе".

Азад Рахімаў, член каардынацыйнай камісіі ЕАК, міністр моладзі і спорту Азербайджана: "Ёсць даходы краіны, якія немагчыма вылічыць проста на калькулятары. Гэта прыток турыстаў, задзейнічанасць усёй інфраструктуры Мінска, гасцініц. Гэта задзейнічанне людзей, якія будуюць, якія ствараюць нейкія сэрвісныя падраздзяленні. Тут гэта таксама можна лічыць дастаткова вялікім ускосным даходам у бюджэт краіны".

Ключавы аб'ект. За яго рэканструкцыяй уважліва сочаць мінчане і аматары спорту ўсёй краіны. Ён прыме цырымоніі адкрыцця і закрыцця, а таксама турнір па лёгкай атлетыцы.

Адкрыццё стадыёна "Дынама" пройдзе 21-га чэрвеня 2018 года - роўна за год да пачатку другіх Еўрапейскіх гульняў. У гэты дзень запусцяць зваротны адлік і, магчыма, запаляць сімвалічны агонь, які потым адправіцца ў падарожжа па краіне. Першым спаборніцтвам на абноўленым "Дынама" можа стаць матчавая сустрэча па лёгкай атлетыцы Беларусь - Балканы.

Аляксандр Шамко, Міністр спорту і турызму Беларусі: "Адна з задач, якая сёння разглядалася, - гэта далейшае выкарыстанне спартыўных аб'ектаў. І ўсе ў адзін голас сказалі, што гэтая задача ў нас фактычна ўжо вырашаная, таму што на ўсіх спартыўных аб'ектах у нас праводзіліся розныя спартыўныя форумы, у тым ліку і міжнароднага ўзроўню".

Заўтра ў 8:30 у Нацыянальным алімпійскім камітэце пачнецца сумеснае пасяджэнне каардынацыйнай камісіі ЕАК з прадстаўнікамі Рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта і фонду "Дырэкцыя другіх Еўрапейскіх гульняў". Разумна складзены план - палова поспеху.