У Мінску прайшоў другі Адкрыты кубак Беларусі па спорце і танцы на пілоне

8 декабря 2013

Удзельніцы з нашай краіны, а таксама Расіі, Украіны і Кыргызстана спрачаліся за званне лепшай на амаль чатырохметровай вышыні. За палётам удзельніц з заміраннем сэрца сачылі гледачы і наш карэспандэнт Антаніна Станкевіч.



Гэтыя людзі зусім не згодныя са сцвярджэннем, што людзі не лятаюць быццам птушкі. Для таго каб даказаць адваротнае, усяго і патрэбны стальны снарад - пілон. Але за гэтай лёгкасцю стаяць месяцы і гады трэніровак.


Вольга да свайго выступлення рыхтавалася не адзін месяц. Адточвала элементы, шыла касцюм, бо перамога ў спаборніцтвах залежыць ад кожнай дробязі. Разам з трэнерам дадаюць апошнія штрыхі і танцу і ўбранню, бо канкурэнцыя з кожным годам расце, а значыць усё павінна быць ідэальным.


Сёлета ў спаборніцтвах прымалі удзел больш за 20 спартсменаў з чатырох краін: Беларусі, Расіі, Украіны і Кыргызстана. Сярод удзельнікаў не толькі дзяўчаты. І хаця нельга сказаць, што ў поўлданса мужчынскі твар (згодна са статыстыкай, на 10 дзяўчат усяго па адным хлопцы), усё-такі моцны пол таксама захапляецца гэтым відам спорту.


Пераможцаў вызначылі ў некалькіх катэгорыях. Як звычайна, удзельнікаў падзялілі на аматараў і прафесіяналаў. На вышэйшай прыступцы п'едэстала аказаліся ўдзельнікі з Беларусі.