У Мінску прайшоў сёмы турнір па більярдзе Шчыт і меч

24 февраля 2014

Сапраўдныя мужчыны гуляюць у більярд. Прынамсі, так лічаць героі наступнага сюжэту. У Мінску прайшоў сёмы турнір сярод сілавых структур Шчыт і меч. Фінал сімвалічна супаў з Днём абаронцаў Айчыны.


За баталіямі на сталах назірала Аляксандра Штамплеўская. Більярдавы стол, па сутнасці, - тое ж поле бою. Стратэгія, вытрымка і звышдакладнасць - вось аснова паспяховай партыі.


Можа, менавіта таму гэты від спорту асабліва папулярны ў сілавікоў. Ужо сёмы раз штогадовы турнір Шчыт і меч сабраў прадстаўнікоў самых розных падраздзяленняў. Саюзнікі па жыцці, тут за зялёнымі сталамі - сапернікі.


Юрый Баздыраў у гэтай зале асоба ўжо амаль легендарная. Ветэран вайны, ён адважна можа лічыць сябе яшчэ і ветэранам більярдавага спорту. Упершыню ўзяў кій у рукі яшчэ ў 12 гадоў. І зусім не разумее, чаму гэты папулярны від спорту дагэтуль не стаў алімпійскім.


Юрый Баздыраў, удзельнік турніру: Лічу більярд спортам і прыемным, і карысным. Таму што ў більярдзе працуе і галава, і рукі, і ногі, і ўсё тулава. І фізічная і разумовая нагрузка ёсць.


Былому артылерысту і зараз дапамагае перамагаць дакладнасць наводкі. Галоўнае - не закідваць практыку. Тым больш што канкурэнцыя стала расце. Калі летась было 30 удзельнікаў, дык сёлета ўжо ў два разы больш - 65.


Дзмітрый Анюк, старшыня Беларускай асацыяцыі більярдавага спорту: Нам вельмі прыемна, што тут удзельнічаюць і ветэраны сілавых структур, і дзеючыя супрацоўнікі. Так што більярд аб'ядноўвае ўсе ўзросты і пакаленні.


Халодны разлік у экстрэмальных сітуацыях вывеў у лідары каманды МНС. Ратавальнікам дасталіся адразу два першыя месцы. Бронзу падзялілі пагранічнікі і супрацоўнікі пракуратуры. Зрэшты, тыя, хто сёння застаўся без кубкаў, не сумуюць. Заўсёды захоўваць спакой іх навучыў більярд.