У медальнай скарбонцы беларускай зборнай на Еўрапейскіх гульнях першае золата

15 июня 2015

Вышэйшая ўзнагарода ў каманды Уладзіміра Шантаровіча. У заездзе на 1000 метраў роўных не было экіпажу каноэ-двойкі братоў Багдановічаў. Хто ўвайшоў у гісторыю беларускага спорту, і ў якіх відах выступалі нашы спартсмены ў пяты спаборніцкі дзень. З Баку - Павел Капуцкі.

За 200 метраў да фінішу яны адстаюць ад першага месца на дзве з паловай секунды. А потым здзяйсняюць свой фірмовы рывок і перад носам у сапернікаў вырываюць золата. Нешта падобнае браты Андрэй і Аляксандр Багдановічы зрабілі на Алімпіядзе ў Пекіне. Тады таксама было золата і таксама заезд каноэ-двоек на 1000 метраў.

Трохі перадыхнуўшы, браты паднімаюцца на п’едэстал. І ўпісваюць свае імёны ў гісторыю беларускага спорту як першыя пераможцы Еўрапейскіх гульняў.

Ледзь раней на гэты ж п’едэстал паднімаліся ўдзельнікі байдаркі-двойкі. Яшчэ адзін чэмпіён пекінскай Алімпіяды Раман Петрушэнка выступаў разам з Віталем Бялько. Дыстанцыя - 1000 метраў. Беларусы саступілі толькі венгерскаму і нямецкаму дуэтам.

Беларускі дуэт Ганна Шульгіна і Дамініка Цыплакова ў фінальных спаборніцтвах сінхраністак не змог палепшыць вынік, паказаны ў кваліфікацыі. Усё тое ж восьмае месца. Таксама без подыума беларускі ў камандным фінале. У жаночай барацьбе да вячэрніх схватак дабралася толькі Вераніка Іванова, якая выступае ў катэгорыі да 60 кілаграмаў.

У паядынку за бронзу яна адолела Гіедрэ Блекайтытэ з Літвы. Зараз у скарбонцы беларускай зборнай шэсць медалёў: золата, срэбра і чатыры бронзы.

Заўтра медалёў можа быць яшчэ больш. Весляры разыграюць адразу дзесяць камплектаў узнагарод. Чатыры катэгорыі засталося ў жаночай барацьбе. Ёсць шанцы і ў іншых відах. Заўтра на "Беларусь 5" каля васьмі гадзін прамых трансляцый са сталіцы Еўрапейскіх гульняў, а таксама самыя свежыя каментарыі ў эфіры "Беларусь 1".