У мас-старце выступяць Дар'я Домрачава, Надзея Скардзіна і Ірына Крыўко

16 февраля 2018

Учора ў Пхёнчхане галоўнымі персонамі для беларускіх балельшчыкаў былі нашы біятланісткі. У іх, на жаль, ізноў не атрымалася падняцца на п'едэстал!

Усе падрабязнасці ў нашага карэспандэнта Ганны Эйсмант. У шосты спаборніцкі дзень Алімпіяды на біятлонным стадыёне "Альпенсія" прайшлі адразу дзве індывідуальныя гонкі - перанесеная жаночая і запланаваная мужчынская.

Праз перанос жаночая гонка адбылася яшчэ пры дзённым святле, і гэта быў, мабыць, першы дзень са старту алімпійскага біятлоннага турніру, калі не выпадала скардзіцца на надвор'е: амаль зацішна, сонечна, - ды і ўспаміны чатырохгадовай даўнасці давалі надзею на добры вынік гонкі для беларусак. Алімпійская чэмпіёнка індывідуальнай гонкі ў Сочы Дар'я Домрачава і тут у Пхёнчхане пачала рэзка, першыя дзве стральбы па нулях, але затым на трэцяй адзін промах, а ў заключнай наогул міма адразу тры!

У выніку трохразовая алімпійская чэмпіёнка фінішавала толькі 27-й. Надзея Скардзіна таксама не змагла паўтарыць свой сочынскі поспех - тут у Пхёнчхане толькі 10-я.

Золата ў шведкі Ханы Эберг, якая закрыла ўсе мішэні. У выніку ў мас-старце, які пройдзе 17 лютага, выступяць тры беларускі: Домрачава, Скардзіна, Крыўко.

У мужчынскай індывідуальнай гонцы золата заваяваў Ёханес Бё, лепшы з беларусаў Сяргей Бачарнікаў - 18-е месца.

Пазітыўныя эмоцыі ўчора прынесла выступленне беларускіх фрыстайлістак. У кваліфікацыі выступала наша трыа: Ала Цупер, Ганна Гуськова і Аляксандра Раманоўская. Пасля першай спробы другая па выніках сезона ў Кубку свету Ганна Гуськова кваліфікавалася ў фінал, алімпійская чэмпіёнка Ала Цупер паспяхова выканала свой другі скачок.

На жаль, Аляксандра Раманоўская ў фінале не выступіць. Фінал у жанчын адбудзецца сёння ў 13:55 - прамая трансляцыя на тэлеканале "Беларусь 5"!