У гасцях у алімпійскіх чэмпіёнак Ірыны Крыўко і Дынары Алімбекавай

22 февраля 2018

За ходам эстафетнай гонкі з асаблівай увагай сачылі, вядома ж, родныя нашых спартсменак і першыя трэнеры алімпійскіх чэмпіёнак. Калісьці менавіта яны паставілі іх на лыжню і навучылі дакладна страляць. А зараз уважліва назіраюць за кар'ерай сваіх вучаніц і радуюцца поспехам. Дарэчы, нашы спартсменкі ўжо зрабілі свой алімпійскі выбар. 15 тысяч беларускіх рублёў ад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба адправяцца ў школу алімпійскага рэзерву Чавускага раёна, дзе пачынала свой біятлонны шлях Дзінара Алімбекава. Дарэчы, сама чэмпіёнка два гады атрымлівала стыпендыю Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Ірына Крыўко - чатыры гады, а Надзея Скардзіна - год. А нашы карэспандэнты пабывалі ў гасцях у дэбютантак Гульняў. Без сумнення, на вуліцах, дзе жывуць спартсменкі, сёння вялікае свята.

На малой радзіме Дзінары Алімбекавай у Чавусах кветкі і віншаванні прымала яе маці ад кіраўніка раёна, які нараду адмяніў дзеля такога выпадку.

Марыя Іванаўна Шыпікава, якая калісьці і паставіла Дзінару на лыжы, сёння не стрымлівала слёз. Бо аб алімпійскай перамозе сваіх вучняў марыць кожны настаўнік. Гэта - трыумф.

Віншаванні ляцяць з малой радзімы. За Дзінару хварэла ўся Магілёўская вобласць!

Людміла Крыўко - мама алімпійскай чэмпіёнкі Ірыны - не выпускае тэлефон з рук. Ужо атрымала сотні віншаванняў. Тэлефануюць з усёй Беларусі. А на вуліцы гарадка Сянно - малой радзімы спартсменкі - спыняюцца прахожыя, каб павіншаваць і перадаць прывітанне "залатой" дачцэ.

Свае першыя крокі ў біятлоне Ірына Крыўко зрабіла на гэтай лыжні. Сёння ў Сянно функцыянуе сучасная біятлонная база, дзе, упэўненыя трэнеры, яшчэ вырасце не адзін чэмпіён. На аддзяленні біятлона мясцовай СДЮШАР працуе і першы трэнер алімпійскай чэмпіёнкі Валерый Лектараў. Ён, як ніхто, верыў у перамогу. Бо ведае баявы характар Ірыны.

Аддзяленне біятлона ў Сенненскай СДЮШАР адкрылася больш за 15 гадоў таму. Зараз гэта адзін з самых папулярных відаў спорту ў рэгіёне. Тут займаюцца каля ста юных спартсменаў. Сёння яны ўсе былі не на лыжні, а ля тэлевізійных экранаў. Хварэлі.