У Горках стаў вядомы пераможца прэстыжнага турніру "Залатая шайба" ў дывізіёне "Б" малодшай узроставай групы. Віншаванні прымала каманда "Трыумф" з Магілёўскага раёна. У гэтым сезоне хакейныя дружыны ў рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод дзяцей і падлеткаў на прызы Прэзідэнта Беларусі былі ўпершыню разбіты на дзве падгрупы. У першай удзельнічаюць каманды раёнаў і гарадоў, дзе ёсць сучасныя лядовыя арэны. У дывізіёне "Б" выступаюць дзеці, якія трэніруюцца пад адкрытым небам у школьных хакейных каробках. Таму ў фінале ў Горках адсутнічалі мінскія каманды, а цёплая зіма пазбавіла яшчэ і прадстаўніцтва ад Брэсцкага рэгіёна. Пераможцы - каманда "Трыумф" - атрымалі чатыры перамогі, прычым, тры з іх - з буйным лікам. Другі радок выніковага пратакола спаборніцтваў заняла каманда "Юнацтва" з Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. Бронза - у "Вымпела" з Мазыра.













