У Гомелі адкрыўся біятлонны комплекс

10 Жніўня 2019

Вялікай спартыўнай падзеяй сёння стала адкрыццё біятлоннага комплексу ў Гомелі. Аб'ект уключае лыжаролерную трасу працягласцю адзін кіламетр, напаўадчынены цір і трыбуны на паўтысячы месцаў. Ён размясціўся побач з вяслярным каналам і даў старт новаму сезону Кубка Федэрацыі біятлона. Ацанілі комплекс для будучых чэмпіёнаў зоркі біятлона - Алена Зубрылава, Аляксандр Папоў і ганаровыя госці з Расіі - біятланістка Вольга Зайцава і прэзідэнт Саюза біятланістаў Расіі Уладзімір Драчоў.

Аналагаў комплексу ў краіне няма. Абсталяваны ён спецыяльнымі ахоўнымі экранамі і можа стаць базай трэніровак для прадстаўнікоў іншых відаў спорту. На развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ў рэгіёнах звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы пасля нарады па пытаннях зімовых відаў спорту. Апошнім часам з'явіўся сучасны басейн у Ветцы, фізкультурна-спартыўны комплекс у Брагіне, гульнявая спартзала ў Мазыры. Адкрыццё трасы супала і з прыняццем указа Прэзідэнта, згодна з якім школьнікі і выхаванцы спартыўных школ могуць наведваць заняткі на такіх аб'ектах бясплатна. У новым комплексе на працягу двух дзён 140 юных біятланістаў у 4 узроставых катэгорыях змагаюцца за перамогу на летнім этапе Кубка федэрацыі. Далей адбудуцца яшчэ 4 зімовыя этапы. Фінал спаборніцтваў пройдзе ў наступным годзе ў Гарадку Віцебскай вобласці.


Папулярныя

Рэкамендуемыя