У гэтым сезоне ў еўракубках Беларусь будуць прадстаўляць каманды выключна цэнтральнага рэгіёну

8 июля 2013

БАТЭ традыцыйна выступіць у Лізе чэмпіёнаў, а футбольны клуб Мінск, салігорскі Шахцёр і сталічныя дынамаўцы - у Лізе Еўропы. Дарэчы, апошнія правялі першы матч супраць літоўскай дружыны. Ці парадаваў ён мінчан? Пра гэта і не толькі даведаецеся з нашай рубрыкі Матчбол.


Расказвае Станіслаў Ліпскі.


Мінскія дынамаўцы адпраўляліся ў Шаўляй на першы матч Лігі Еўропы супраць Круоі са стратамі ў складзе - скончыўся тэрмін арэнды забіўнога форварда Косціна Курэлеа, траўміраваныя Молаш, Данілаў і Трубіла. Але і без лідараў галоўны трэнер Роберт Мааскант быў упэўнены ў перамозе каманды.


Першы тайм станоўчых эмоцый не прынёс - футбалісты Круоі закрыліся ў сваёй штрафной зоне, мінчанам не хапала хуткасці. Зразумела было адно: дынамаўцы класам на парадак вышэйшыя, сваёй гульнёй у другім тайме мінчане гэта пацвердзілі. Фанаты бела-блакітных засталіся задаволеныя вынікам. Паядынак у адказ ператварыўся ў фармальнасць. Гульня адбудзецца 11 ліпеня на стадыёне Трактар. Пачатак а 19 гадзіне.


Матч супраць Круоі - успамін, а сёння сталічнай дружыне трэба выходзіць на поле ў рамках 16-га тура чэмпіянату краіны супраць лідара - салігорскага Шахцёра. Гульня пачнецца а 19 гадзіне на ўсё тым жа Трактары.



Пакуль сталічныя дынамаўцы толькі рыхтуюцца да вячэрняй бітвы, усе астатнія дружыны цэнтральнага рэгіёну ўжо згулялі свае матчы. Барысаўчане страцілі ачкі ў Брэсце - нічыя 0:0, а гараджане з футбольнага клуба Мінск упэўнена перамаглі Нёман 2:0. Цікавым атрымаўся матч у Жодзіне.


Гомель прыехаў па перамогу - каманда ў наступным сезоне разлічвае згуляць у еўракубках. Аўтазаводцам пасля двух паражэнняў адступаць ужо няма куды, вось і гол яны забілі першымі. Толькі чарговы раз, як прызнаўся галоўны трэнер жодзінскіх футбалістаў, не хапіла майстэрства ўтрымаць перавагу. На 23-й хвіліне Мацвеенка, на 28-й Гаўрыловіч, і гамяльчане ўжо вядуць 2:1. А вось гэты фантастычны гол паставіў кропку у матчы. Пасля 16-ці тураў лідзіруе ў чэмпіянаце Шахцёр з гульнёй у запасе, каманда БАТЭ другая.


Дарэчы, у нядзелю барысаўчане сабралі сяброў у сталічным Дрымлэндзе на сямейнае свята. Конкурсы, віктарыны, майстар-класы - на сустрэчу з кумірамі прыйшлі сотні гасцей. Футбалісты не пакінулі без увагі ні аднаго чалавека на аўтограф-сесіі. Калі карткі, майкі і шалікі былі падпісаны, пачалося сумеснае фатаграфаванне. Ад заўзятараў не было адбою.


На мінулым тыдні на пасяджэнні выканкама Беларускай федэрацыі гандбола агучылі цікавую думку: у сталіцы для самых таленавітых юных гандбалістаў плануюць адкрыць эліт-інтэрнат.


Эліт-інтэрнат - гэта праграма развіцця інстытута маладзёжных зборных каманд у Рэспубліцы Беларусь, якая прадугледжвае стварэнне на базе шасці абласных вучылішчаў алімпійскага рэзерву галоўнага цэнтра ў Мінску. Такія праекты выдатна працуюць у Францыі, дзе гандбол вельмі папулярны.


Да працы з абранымі падключаць і лепшыя трэнерскія кадры, у тым ліку галоўнага трэнера зборнай Юрыя Шаўцова. Для кожнага гульца будзе падбірацца індывідуальны план падрыхтоўкі.


На гэтым тыдні ўся ўвага футболу. Тэлеканал Беларусь 2 у чацвер пакажа паядынак у адказ сталічных дынамаўцаў супраць Круоі, а ў нядзелю іх матч супраць Гомеля. Не абмінулі ўвагай і маладзёжны чэмпіянат свету - паўфіналы і фінал у прамым эфіры.