У Чэхіі завяршылася першынство свету па мажарэтным спорце

1 сентября 2018

Удзел у чэмпіянаце прымалі калектывы з дзевяці краін, журы праглядзела больш за тысячу нумароў. Беларусь прадстаўляў брэсцкі ансамбль мажарэтак Victory. І з прэстыжнага спартыўнага спаборніцтва ён вярнуўся з пяццю ўзнагародамі. Вікторыя Патоня пабывала на адной з рэпетыцый пераможцаў.

На рэпетыцыях узорнага ансамбля мажарэтак кожны элемент адшліфоўваецца: сінхронна і прыгожа яго павінны выканаць усе дзяўчынкі. У такой харэаграфіі галоўны не проста танец, яшчэ і валоданне прадметам. У руках мажарэтак батаны і пампоны. За віртуозным кручэннем і падкідваннем палачкі каласальная работа. Трэніроўкі як у спартсменаў.

Шпагаты, мосцікі, элементы павышанай складанасці. Мажарэтны спорт развіты ў Чэхіі. У спецыялістаў гэтай краіны і праходзілі навучанне харэографы калектыву.

У выступленні мажарэтак важная роля адводзіцца не толькі харэаграфіі, але і вобразам. Таму касцюмы павінны быць яркімі і запамінальнымі. Ствараецца цэлая канцэпцыя нумароў, дзе нават батаны мяняюць колер.

Наталля Аляксеева сочыць за сцэнічным адзеннем. Яна адказная за выгляд артыстаў ансамбля. Рамантуе касцюмы, аздабляе іх бліскаўкамі і паеткамі. Тлумачыць, што парадная форма мажарэтак істотна адрозніваецца ад спартыўнага напрамку.

Брэсцкаму ансамблю мажарэтак 10 гадоў. Дата аказалася шчаслівай. Калектыў упершыню ў гісторыі краіны прадстаўляў Беларусь на чэмпіянаце свету па мажарэтным спорце, які напрыканцы жніўня прайшоў у Празе. Каб атрымаць пуцёўку на прэстыжнае спаборніцтва, неабходна было прайсці праз два першынствы Еўропы. На чэмпіянаце свету журы прагледзела больш за тысячу нумароў калектываў з дзевяці краін. Сярод пераможцаў аказаўся і брэсцкі ансамбль. А скарбонку дасягненняў папоўнілі пяць узнагарод (золата, серабро і бронза) ў чатырох намінацыях.

Ірына Рыбачук, кіраўнік узорнага ансамбля мажарэтак Victory: “Вось нашы дасягненні, ішлі да іх 10 гадоў. У гэтым кубку сапраўдная вага нашай сумеснай працы: усяго педагагічнага калектыву, дзяцей і бацькоў. І для нас было вельмі важна, каб наш беларускі гімн загучаў на гэтым чэмпіянаце”.

Дзеля гэтага выніку калектыў летам працаваў па шэсць гадзін на дзень. Здаецца, што зараз самы час узяць паўзу. Але брэсцкія мажарэткі адпачываць не збіраюцца, а рыхтуюць новую праграму да чарговага шоу-конкурсу, які ў лістападзе пройдзе ў Маскве.