У Браціславе праходзіць цырымонія сустрэчы агню ІІ Еўрапейскіх гульняў

10 мая 2019

Напярэдадні эстафету "Полымя міру" прымала аўстрыйская Вена. Каманда байкераў перадала агонь знакамітай скрыпачцы Юліі Лебядзенцы, якая выступае на розных сусветных пляцоўках. Ва ўрачыстай цырымоніі ўдзельнічалі вядомыя спартсмены, у тым ліку гімнастка Ніколь Рупрэхт - пастаянная канкурэнтка беларусак на этапах кубкаў свету. Шэф місіі каманды Аўстрыі Крыстафер Зібер запэўніў, што ў Мінск зборная гэтай краіны прыедзе з сур'ёзнымі медальнымі мэтамі. 

Крыстафер Зібер, шэф місіі нацыянальнай каманды Аўстрыі на ІІ Еўрапейскіх гульнях 2019 года: "Гэта сапраўды фантастычны дзень і цудоўны момант - так я магу сказаць без перабольшання. Асабліва мяне здзівілі гэтыя моцныя хлопцы на байках, якія ўжо пераадолелі некалькі тысяч кіламетраў. Я не толькі шчаслівы, што эстафета "Полымя міру" прайшла праз наш горад, але і таму, што ў Мінск я прыеду ў чэрвені ў саставе аўстрыйскай дэлегацыі. І зараз мы займаемся апошнімі прыгатаваннямі, бо нас чакаюць адказныя спаборніцтвы". 

Пасля Вены агонь ІІ Еўрапейскіх гульняў адправіўся ў сталіцу Венгрыі - Будапешт. Факеланосцам у гэтым горадзе стаў футбаліст Мікалай Сігневіч, які гэтай вясной у саставе клуба "Ферэнцвараш" выйграў чэмпіянат Венгрыі. Сёння агонь будуць сустракаць і ў Чэхіі. У Беларусь "Полымя міру" прыбудзе ў нядзелю.