У беларускім спорце запальваецца новая зорка

6 августа 2013

Мінулай ноччу ў Мінск з чэмпіянату свету па водных відах з Барселоны вярнулася наша зборная. У яе складзе 22-гадовы гамяльчанін Яўген Цуркін. Не заваяваўшы медалёў, ён здолеў зрабіць уражанне на самых элітных плыўцоў планеты.


Павел Капуцкі сустрэў каманду ў аэрапорце.


Мінулай ноччу ў Мінск вярнуўся не проста член зборнай Беларусі. Яўген Цуркін зараз адназначна наша галоўная надзея ў мужчынскім плаванні. Аб патэнцыяле гамяльчаніна гавораць яго ўзрост і вынікі. У Барселоне толькі недахоп вопыту перашкодзіў яму ўзяць медаль.


Адным з першых Цуркіна павіншаваў Міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко. Спартсмен і кіраўнік доўга абмяркоўвалі выступленне Яўгена на чэмпіянаце свету.


Цуркін - максімаліст. Ён сумленны, калі гаворыць, што чакаў большага. Але яго вынік для беларускага мужчынскага плавання ўжо феномен. Сусветныя рэкорды тут б'юцца на кожным буйным спаборніцтве, у некаторых дысцыплінах гадамі на першым месцы трымаюцца прадстаўнікі ЗША. За акіянам фармакалогія ператварылася ў сапраўдную індустрыю, яна многае вырашае на водных дарожках. Увязацца ў гэтую гонку вельмі складана. Цуркін і яго каманда ўвязаліся.


Лепшая беларуская плыўчыха Аляксандра Герасіменя не зайздросціць росту папулярнасці Цуркіна. Залатая рыбка гатовая падзяліцца ёю. У сацыяльнай Сетцы распавяла пра выступленне калегі з мужчынскай каманды.


Што такога зрабіў Цуркін на чэмпіянаце ў Барселоне? Па-першае, ён устанавіў тры нацыянальныя рэкорды. Па-другое, стаў шостым на дыстанцыі 50 метраў батэрфляем. Пакажы Яўген у фінале такі ж вынік, як у паўфінале, стаў бы чэмпіёнам свету.


Зараз Яўгену Цуркіну 22 гады. У гэтым узросце арганізм яшчэ не гатовы да максімальных вынікаў. А вось праз тры гады, калі прыйдзе час Алімпіяды ў Рыа, беларус як раз дасягне залатога ўзросту для плыўца.