У Беларусі сёння стартуе чэмпіянат свету па верталётным спорце

24 июля 2018

Адзін з самых відовішчных турніраў на Баравой збярэ лепшыя экіпажы планеты. Каля сарака каманд з 8-мі краін практычна ўвесь тыдзень пакажуць сваё майстэрства. Прычым беларускія авіятары - сярод фаварытаў. Сюжэт - Веранікі Буты.

Наша краіна прымае чэмпіянат свету па верталётным спорце. Для суверэннай Беларусі - гэтае першае планетарнае першынство вінтакрылых, але ў далёкім 78-м чэмпіёна свету вызначалі ў Віцебску. Цяперашнія баталія пройдуць на Баравой, што стане яркім акордам у завяршэнні гісторыі аэрадрома. А афіцыйна спаборніцтвы пачнуцца сёння ў другой палове дня ў Ліпках. Бо гісторыю беларускага верталётнага спорту пасля чэмпіянату прадоўжаць пісаць ужо тут.

Напярэдадні ўсе ўдзельнікі спаборніцтваў ужо прыбылі ў Беларусь. Акрамя абавязковых інструктажаў і аргпытанняў, усе экіпажы не проста агледзелі спаборніцкую трасу, але і паспелі патрэніравацца ў беларускім небе.

Беларускія авіятары, а гэта сем экіпажаў, выступяць у нацыянальнай форме, створанай спецыяльна да чэмпіянату свету. Нашы спартсмены - сярод фаварытаў. Упершыню на сусветным першынстве выберуць і пераможцаў сярод жаночых каманд.

Чэмпіянат свету па верталётным спорце праходзіць раз у тры гады. За права яго правядзення акрамя нас змагаліся Чэхія, Эквадор, ЗША і Балгарыя. І ўсё ж, выбар міжнародных экспертаў застаўся за Беларуссю. Іх уразіў тэст-чэмпіянат, які прайшоў роўна год назад у Баравой. І тая ўвага, якая надаецца ў краіне развіццю верталётнага руху.

Сваё захапленне і здзіўленне ў размове з журналістамі напярэдадні выказаў і вядомы расійскі пілот і тэлевядучы Леанід Якубовіч. Ён – сярод ганаровых гасцей планетарнага першынства. І гэта не адзіны сюрпрыз ад арганізатараў спартыўнага свята.

Адданы прыхільнік авіяцыі, тэорыю тэлевядучы выдатна сумяшчае з практыкай. Таму ў яго выкананні гледачы афіцыйнай часткі свята сёння ўбачаць адразу некалькі фігур вышэйшага пілатажу.

Паветраныя баталіі будуць праходзіць на працягу ўсяго тыдня. Прадоўжыцца авіяфэст фестывалем #Пранеба - гэта найбуйнейшы летні опэн-эйр, дзе спаборніцтвы сумяшчаюцца з сямейным адпачынкам на прыродзе. Летась свята наведалі больш як 30 тысяч чалавек. Сёлета чакаюць не менш.