У Беларусі прайшоў чэмпіянат па скачках з парашутам у тандэме сярод інвалідаў-калясачнікаў

5 августа 2016

Яны не могуць хадзіць, затое ўмеюць лятаць. Сёння ў Беларусі прайшоў першы чэмпіянат па скачках з парашутам у тандэме сярод інвалідаў-калясачнікаў. Такія спаборніцтвы сталі першымі не толькі для нашай краіны, раней іх не праводзілі нідзе ў свеце. У ролі парашутыстаў сябе паспрабавалі 7 спартсменаў з Беларусі, Расіі і Азербайджана. Скачкі - толькі частка міжнароднага фестывалю. Напярэдадні ў нашай краіне прайшоў чэмпіянат па танцах на інвалідных калясках. Пра тых, хто лепш за іншых ведае, што такое сіла волі - у рэпартажы Юліі Грызунт.

Ганна Сірацюк двойчы стала лепшай у Еўропе танцоркай на калясцы. Сёння яна станцавала не на зямлі - прама ў небе. Для дзяўчыны гэты скачок - трэці. І ўсё ж стаў асаблівым - сёння спартсменка выканала сваю мару і праляцела воблака наскрозь.

З мары пра неба і пачалася гісторыя гэтага парашутнага фестывалю. 4 гады таму на міжнародным чэмпіянаце па танцах на інвалідных калясках Камал Мамедаў - удзельнік з Азербайджана - прапанаваў сваім беларускім калегам зрабіць штогадовы фестываль танцавальна-парашутным.

На працягу 3 гадоў шматлікія танцоры паспрабавалі сябе ў ролі парашутыстаў. Сёння ж каманды з Беларусі, Расіі і Азербайджана ўпершыню спаборнічаюць. Такі чэмпіянат стаў першым не толькі для нашай краіны. У гісторыі парашутнага спорту ўсяго свету за медаль яшчэ ні разу не змагаліся спартсмены-калясачнікі. Таму правілы чэмпіянату беларускія арганізатары прыдумалі самі.

Два верталёты ўзлятаюць па чарзе кожныя 15 хвілін. У салоне 2 чалавекі - спартсмен і інструктар. Іх задача - трапіць у кола дыяметрам 20 метраў. Перамагае той, хто прызямліцца бліжэй усяго да цэнтра.

Трапіць у цэль з вышыні 2 з паловай тысячы метраў сёння спрабавалі 7 чалавек.

Яшчэ трое скокнулі па-за конкурсам. Першае месца заняла спартсменка з Азербайджана. Сёння яна надзела парашут упершыню. У Беларусі сёлета - сярэбраны медаль.

Валерый Каламіец, старшыня ГА "Беларускі фонд дапамогі спартсменам-інвалідам", заслужаны трэнер БССР:

"Наша канцэпцыя такая - сацыяльная рэабілітацыя праз танцы, працу, зносіны з прыродай і ў дадзеным выпадку скачкі з парашутам, каб абудзіць у людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, у людзей, у якіх склаўся вось такі цяжкі лёс, трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю, абудзіць пачуццё прагі жыцця".

Парашутная феерыя на міжнародным фестывалі стала магчымай 4 гады таму, а вось спаборніцтвы па танцах сёлета сталі 19-мі. У наступным юбілейны марафон зноў пройдзе ў Беларусі. І зноў падарыць людзям, якія не могуць хадзіць, шчасце лятаць.