Напярэдадні нашы алімпійскія спадзяванні былі звязаныя з выступленнем жаночай байдаркі-двойкі, стартамі ў лёгкай і цяжкай атлетыцы.
Больш падрабязна - карэспандэнт у Рыа Андрэй Лапцёнак. Сёння чакаем выступленне жаночай байдаркі-адзіночкі. Марына Літвінчук на дыстанцыі 500 метраў у трэцім заездзе кваліфікацыі па трэцяй вадзе паспрабуе прабіцца ў паўфінал. Нагадаем, напярэдадні парная байдарка не здолела змагацца за прызы.
Марына Літвінчук і Надзея Ляпешка пачыналі ў мазырскай школе працоўных рэзерваў. У гэтым саставе найбольш вопытныя спартсменкі. За плечамі не адзін чэмпіянат свету і Еўропы. Больш за тое, абедзве былі ўдзельніцамі Алімпійскіх гульняў у Лондане, дзе ў саставе байдаркі чацвёркі заваявалі бронзавыя медалі.
У сваім паўфінальным заездзе беларускі былі першымі, але ў фінале - толькі шосты час. Спаборніцтвы жаночай байдаркі-чацвёркі пройдуць 19 жніўня.
У стартах лёгкаатлетаў упэўнена выступае Аліна Талай. Напярэдадні яна прабілася ў паўфінал Алімпіяды ў бегу на 100 м з бар'ерамі. У сваім папярэднім забегу з вынікам 12,74 секунды беларуска заняла другое месца.
Хварэем за Аліну Талай. Яе паўфінал 18 жніўня позна ноччу. У 2:45 па мінскім часе.
Штурхнуць вагу ў спаборніцтвах суперцяжаў удалося ў беларускага штангіста Аляксея Мжачыка, для якога гэта першы алімпійскі старт. Але ўзятай вагі не хапіла. Ужо па выніках фіналу В па суме двух практыкаванняў ён быў толькі чацвёртым з сумай 411кілаграмаў. Зрэшты, у сярэбранага прызёра чэмпіянату свету сярод юніёраў усё наперадзе.













