Урок ад прафесара футбольных навук

12 мая 2014

Нападаючы клуба БАТЭ Віталь Радзівонаў - пасол міжнароднага сацыяльнага праекта Футбол для дружбы ў Беларусі - правёў трэніроўку з юнацкай камандай барысаўскага клуба. Хлопцы высока ацанілі майстар-клас. Бо юнацкая каманда нацэленая на перамогу ў першынстве Мінска. Больш за тое, усё менш часу застаецца да вулічнага турніру па футболе ў Лісабоне. Юныя гульцы з усяго свету сустрэнуцца ў Партугаліі на Другім міжнародным форуме дзіцячых каманд.


Як праходзіць падрыхтоўка беларускіх удзельнікаў праекта - ведае Наталля Тарасюк.

Адпрацоўваць тэхніку валодання мячом юнацкая каманда БАТЭ гэтым разам будзе разам са сваім кумірам - нападаючым барысаўскага клуба Віталём Радзівонавым. Прафесар, а менавіта так называюць гульца таварышы па камандзе і спартыўныя каментатары, правядзе для хлопцаў майстар-клас.


Віталь Радзівонаў, нападаючы ФК БАТЭ і нацыянальнай зборнай Беларусі: Гэтыя практыкаванні накіраваныя на працу з мячом. Хлопцы ўсе навучаныя і відаць, што ў іх ёсць добрая школа


Перад пачаткам трэніроўкі хлопцы дораць гульцу асаблівы бранзалет - гэта сімвал міжнароднага сацыяльнага праекта Футбол для дружбы. Віталь Радзівонаў - пасол гэтага праекта ў Беларусі. Акрамя парад і навочнай дэманстрацыі тэхнічных прыёмаў, на майстар-класе юнацкая каманда БАТЭ і хлопцы групы падрыхтоўкі атрымалі аўтограф лепшага гульца барысаўскага клуба.


Трэнер каманды прызнаецца, што хлопцы з нецярпеннем чакалі трэніроўкі з Радзівонавым. Бо футбалісты барысаўскага БАТЭ пасля матчу 7 тура выйшлі ў лідары чэмпіянату Беларусі. У паядынку на поле Барысаў-Арэны дзеючыя чэмпіёны краіны разграмілі дэбютанта вышэйшай лігі Слуцк. Гол Віталя Радзівонава стаў адным з пераможных. Хатні стадыён БАТЭ высока ацанілі і балельшчыкі, і самі гульцы, і трэнерскі састаў.


Толькі перамогі і ў планах юнацкай зборнай барысаўскага клуба. Зараз хлопцы ўдзельнічаюць у першынстве Мінска. Ужо вызначылася шасцёрка наймацнейшых юнацкіх каманд, але асноўная барацьба наперадзе.


Менш за два тыдні застаецца да старту Другога міжнароднага форуму дзіцячых футбольных каманд. Ён пройдзе ў Лісабоне пад патранажам легенды сусветнага футбола Франца Бекенбаўэра. Гульцы юнацкіх каманд з 16 краін, у тым ліку з Беларусі, збяруцца, каб памерацца сіламі ў таварыскім турніры, проста пагутарыць і знайсці новых сяброў.


Больш за тое, юныя ўдзельнікі праекта Футбол для дружбы ўбачаць фінальную гульню Лігі чэмпіёнаў УЕФА.