Ураганны вецер змяніў праграму Гульняў, але не перашкодзіў Алімпіядзе робатаў

14 февраля 2018

Ураганны вецер, які сёння абрынуўся на Пхёнчхан, прымусіў арганізатараў перанесці не толькі спаборніцтвы па гарналыжным спорце, але і самую чаканую беларускімі балельшчыкамі жаночую індывідуальную гонку. Праўда, далёка адкладваць не сталі: за медалі нашы дзяўчаты пазмагаюцца заўтра. А вось Алімпіяда для робатаў ужо адбылася. Яны выступалі ў адным відзе спорту - слаламе. Алімпійскім чэмпіёнам стаў робат Таэквон. Пра ўсё па парадку з Пхёнчхана Ганна Эйсмант.

Жаночую індывідуальную гонку мы ўсе чакалі з асаблівым трапятаннем. Вельмі абнадзейвала мноства прыемных супадзенняў - індывідуальная гонка ў Пхёнчхане была прызначаная на сёння, 14 лютага, як і 4 гады таму ў Сочы, тады Дар'я Домрачава заваявала золата, а Надзея Скардзіна - бронзу. Сказаць, што мы ўсе вельмі чакалі паўтору, - не сказаць нічога!

Але свае карэктывы ў спаборніцкі графік занесла карэйскае няўстойлівае надвор'е. Моцны вецер каля 40 кіламетраў за гадзіну. Зразумела, што з такім ветрам на біятлонным стадыёне стральба ператварылася б у чыстую латарэю, і арганізатары не сталі дадаваць біятланісткам большага стрэсу. Замест запланаванай гонкі дзяўчаты сёння правялі трэніроўку.

Такім чынам, жаночая індывідуальная гонка адбудзецца заўтра, тэлеканал "Беларусь 5" пакажа яе ў прамым эфіры, пачатак у 11:15. А мужчынская індывідуальная гонка пачнецца ў 14:20 - яе глядзіце ўжо на тэлеканале "Беларусь 2".

Пакутуюць ад ураганнага ветру і балельшчыкі і валанцёры, ім прыходзіцца ўтрымліваць палаткі, каб тыя не знесла.

Вось гэтае відэа мы знялі ў медыявёсцы, паказальнікі і лёгкія канструкцыі раскіданыя, іх нават ніхто не спрабуе ставіць на месца, бескарысна! Вецер зрывае вялізныя банары з дамоў і ў алімпійскай вёсцы.

Тым часам пакуль больш за ўсё ад непагадзі пакутуюць горныя лыжы - сёння не адбыліся спаборніцтвы ў слаламе, дзе павінна была выступіць беларуска Марыя Шканава; іх пакуль перанеслі на 16 лютага. Адзначым, у горных лыжах пакуль здолелі правесці толькі адзін фінал у камбінацыі ў мужчын, дзе выступаў наш Юрый Данілачкін.

Як раз у гэты адзіны добры дзень на схілах Пхёнчхана ў найбліжэйшым Хангсенге сваю Алімпіяду паспелі зладзіць робаты!

Восем рабатызаваных каманд спаборнічалі ў лыжным турніры, і далёка не ўсім робатам атрымалася дабрацца да фінішу на трасе слаламу, зладзіўся з заданнем толькі робат пад назвай Таэквон V.

Робат Таэквон заваяваў золата і прызавыя 10 000 долараў, якія падзеляць паміж сабою распрацоўшчыкі.

Арганізатары мерапрыемства выкарысталі сусветную цікавасць да зімовых Алімпійскіх гульняў як шанц прадэманстраваць рабатызаваныя інавацыі Паўднёвай Карэі.

Але ўсё ж асноўныя героі Алімпіяды - жывыя людзі, спартсмены, са сваімі эмоцыямі, хваляваннямі, перажываннямі, узлётамі і падзеннямі! І за гэтыя сапраўдныя эмоцыі мы і любім спорт. Дарэчы, сёння той самы дзень, калі трэба прызнавацца ў каханні, - Дзень святога Валянціна! Вядома, яго адзначаюць і ў Карэі, і нават у алімпійскай вёсцы ўсім спартсменам сёння раздавалі шакаладныя медалі. Прызнаюцца адно аднаму ў каханні і спартсмены - напрыклад, як наша алімпійская канькабежная пара Таццяна і Віталь Міхайлавы!

Я нагадваю, што ўсё самае цікавае з алімпійскага Пхёнчхана вы можаце даведацца з нашых дзённікаў, наступны выйдзе пасля "Панарамы". І глядзіце Алімпіяду на каналах Белтэлерадыёкампаніі! Заўтра чакаецца насычаны дзень для нашых спартсменаў - і ў біятлоне, і ў фрыстайле.