Універсіяда ў Казані: суперудалы дзень для беларускай зборнай

15 июля 2013

На Універсіядзе ў Казані сённяшні дзень для беларускіх спартсменаў складваецца больш чым удала. На гэтую гадзіну скарбонка нашай зборнай папоўнілася 16 медалямі. Самбіст Мікалай Мацко выйграў золата ў вагавой катэгорыі да 100 кілаграмаў, яго калега па спартыўным амплуа Таццяна Токц стала ўладальніцай серабра ў вазе да 64 кілаграмаў. Бронзу ў грэка-рымскай барацьбе ў вагавой катэгорыі да 84 кілаграмаў заваяваў Джавід Гамзатаў. Ільвіную долю ўзнагарод сабралі нашы весляры - байдарачнікі і канаісты. Толькі за панядзелак яны паклалі ў скарбонку зборнай дванаццаць медалёў, у тым ліку шэсць залатых, тры сярэбраныя і столькі ж бронзавых. У медальным заліку зборная Беларусі з 33 ўзнагародамі пакуль займае шостае месца. Праўда, на сёння фіналы з удзелам нашых спартсменаў яшчэ не скончыліся. Аляксандра Герасіменя ў гэтыя хвіліны выходзіць на старт у фінале на дыстанцыі 50 метраў на спіне. Крыху пазней Юрый Клямпарскі пазмагаецца за медалі на дыстанцыі 50 метраў брасам.