Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый - УЕФА - запускае новы турнір - Лігу нацый.
Спаборніцтвы дадуць магчымасць трапіць на топ-турнір любой камандзе. А значыць, шанц з'явіўся і ў нашай зборнай. Для гэтага беларусам трэба абыграць сапернікаў больш слабых або роўных. Усяго ў Лізе нацый згуляюць усе 55 каманд Еўропы. Згодна з рэйтынгам, яны разбітыя на 4 лігі. Пераможцы кожнай атрымаюць прамыя пуцёўкі на кантынентальны турнір-2020. Аляксандр Ярмаш пра жараб'ёўку.
Швейцарская Лазана сабрала зорак і людзей ад футбола. Перад пачаткам жараб'ёўкі пазіраваў фотакарэспандэнтам легенда англійскага "Манчэстэр Юнайтэд" Раян Гігз.
Цягнулі шары з назвай краін адны пераможцы Лігі чэмпіёнаў, у тым ліку і наш Аляксандр Глеб. Паўабаронца, які пакуль афіцыйна не аб’явіў аб завяршэнні кар'еры, зводзіў у групы прадстаўнікоў Лігі D, у якой выступяць беларусы.
Аляксандр Глеб усміхаецца нездарма. Камандзе Ігара Крывушэнкі зноў прыйдзецца гуляць з "Люксембургам", якому ў мінулым адборы "белакрылыя" дазволілі набраць 4 ачкі. Таксама ў квартэце "Малдова" і "Сан-Марына".
У маім дзяцінстве часта жартавалі наконт футбольных зборных карлікавых дзяржаў. Маўляў, гэтыя паштальёны не наб’юць і дзесяці разоў. І нават мы, 10-12-гадовыя хлопцы, згуляем лепш. Але часы змяняюцца. Зараз дзеці наўрад ці жартуюць так. Рэйтынг беларускага футбола зараз невысокі, але, як ні парадаксальна, у гэтым ёсць плюс.
Ігар Крывушэнка, галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе: "Маем тое, што маем на дадзены момант. Ёсць нядрэнны шанц пазмагацца за пуцёўку на топ-турнір праз Лігу нацый. Пастараемся максімальна выкарыстаць свой шанц. І гэтае новаўвядзенне, я лічу, нядрэнны стымул для каманд, якія ніколі не прабіваліся на еўрафорумы".
Гэтыя словы Ігар Крывушэнка гаварыў нам напярэдадні выезду ў Лазану. Тады мы былі ў рэйтынгу ФІФА на 92-й пазіцыі, зараз - радком ніжэй. Па-філасофску да знаходжання нашай каманды ў рэестры нацыянальных зборных і да сілы сапернікаў ставіцца варатар нацыянальнай каманды Андрэй Клімовіч.
Футбалісты разумеюць, што адной нагой зараз не абгуляеш нікога, а значыць, напэўна, будуць больш сур'ёзна падыходзіць да матчаў. Беларусы ўжо навучаныя горкім люксембургскім вопытам.
Калі раней супраць фаварытаў можна было гуляць ад абароны, то зараз трэба змяняць псіхалогію і дзейнічаць першым нумарам. Ужо наша зборная - фаварыт квартэта. І як каманда будзе прывыкаць да гэтай ролі - будзе цікава паглядзець.
Рэгламент спаборніцтваў наступны. Пераможцы кожнай групы выйдуць у плэй-оф сваёй Лігі, дзе згуляюць аднаматчавыя паўфіналы і фінал. Трыумфатары ўсіх накаўт-раўндаў атрымаюць пуцёўкі на Еўра-2020. Калі хтосьці з пераможцаў груп Лігі нацый да таго моманту праб'ецца на кантынентальны турнір праз класічны адбор, які пачнецца ў сакавіку 2019 года, то пуцёўка ў стыкавыя матчы дастанецца наступнай лепшай камандзе дывізіёна.
Новы турнір прадугледжвае тры акны, у якія і будуць згуляны 6 матчаў. Гульні плэй-оф адбудуцца ў сакавіку 2020 года. Спадзяёмся, сярод іх будуць і беларусы.













