У тэрміна спорт павінен з'явіцца новы змест

2 апреля 2013

У тэрміна спорт павінен з'явіцца новы змест - так лічаць аўтары праекта Спартыўнага кодэкса. Спорт зараз не толькі звычка або лад  жыцця, але і самастойная галіна эканомікі, а спартыўнае права - вялізны пласт у юрыдычнай практыцы. Як беларускія спартыўныя законы будуць даганяць час, высвятляў Мікалай Стула.


 


Глядзець спартыўныя  спаборніцтвы куды больш займальна, чым гаварыць пра законы, паводле якіх наш спорт жыве. А між тым гаварыць трэба, таму што ў прававым полі Беларусь адстала і ўжо прайграе. Бо спорт - цалкам асобая  галіна, яна не можа рэгулявацца толькі Грамадзянскім кодэксам або толькі  Працоўным, як гэта адбываецца зараз. Прававыя калізіі падштурхнулі да стварэння новага адзінага дакумента - Спартыўнага кодэкса.


(Віктар Камянкоў, старшыня Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь, старшыня Беларускай федэрацыі баскетбола)


Апошні час у спорце на першы план выходзіць камерцыйная складаючая. Гэта правільна, бо атлеты робяць відовішча, якое можна прадаць спажыўцу. У Беларусі пры наяўнасці дастаткова сур'ёзных перамог гэтыя механізмы працуюць вельмі слаба. І нядзіўна - прававыя адносіны ў галіне рэгулююцца законам 20-гадовай  даўнасці, у якім адсутнічае нават само паняцце прафесійны спорт.


Для абывацеля ўсе нашы чэмпіёны - гэта куміры, прадметы любові. Але як вызначыць, якую зарплату яны заслугоўваюць? Калі ўсе чакалі высокіх вынікаў, а атрымалі нізкія - што рабіць? Выразных крытэрыяў - дрэнна-добра - у спорце няма. На сённяшні дзень у дагаворых  адносінах прысутнічае змешванне інстытутаў - грамадзянскага і працоўнага заканадаўства. На пытанне: спартсмены - гэта хто - наёмныя рабочыя  або прадпрымальнікі, адкажа Спартыўны кодэкс.


(Віктар Камянкоў, старшыня Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь, старшыня Беларускай федэрацыі баскетбола)


Час ад часу мы чуем, што карэнныя беларусы едуць выступаць за іншыя краіны, хоць спартыўную   адукацыю атрымалі на радзіме. Дастаткова  угаварыць бацькоў, наабяцаць ім залатыя гады. Кампенсацыя за падрыхтоўку спартсмена  тут  павінна стаць стрымліваючым  фактарам.


(Максім Рыжанкоў, памочнік прэзідэнта па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму)


З прыняццем Спартыўнага кодэкса беларускія юрысты не спяшаюцца, прызнаюць, што ў праекце яшчэ шмат недапрацовак. Пакуль у Палаце прадстаўнікоў знаходзіцца новая рэдакцыя закона аб фізкультуры і спорце. Ужо сёлета  там, хутчэй за ўсё, прымуць нашумелыя папраўкі аб крымінальнай адказнасці за допінг.


(Вадзім Дзевятоўскі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь)


У найбліжэйшы  час спартыўныя  дадаткі ўнясуць і ў Працоўны кодэкс, а ўжо праз два гады  з'явіцца і сам Спартыўны кодэкс.