Ля Палаца спорту стартавалі Беларускія лёгкаатлетычныя гульні

28 июля 2020
Зараз у разгары магла б быць Алімпіяда ў Токіа, аднак праз пандэмію галоўны старт чатырохгоддзя прыйдзецца пачакаць яшчэ год. Для таго каб праверыць, у якой форме знаходзяцца нашы спартсмены, Федэрацыя лёгкай атлетыкі праводзіць свае Гульні. Гэта больш чым проста чэмпіянат краіны. Гульні ўжо стартавалі. У сектар выйшлі штурхачы ядра.

На прамой сувязі са студыяй мая калега Крысціна Камыш.

Адразу ж хачу падзяліцца сваімі ўражаннямі. Неаднаразова працавала на чэмпіянатах краіны па розных відах спорту. І такой арганізацыі ўнутранага першынства я не ўзгадаю. Уявіце, лёгкая атлетыка не на стадыёне, а ў цэнтры Мінска ў непасрэднай блізкасці да балельшчыкаў. Дарэчы, палюбавацца каралевай спорту тут можна цалкам бясплатна. Федэрацыя прадумала ўсё да эфектных дробязяў.

Гэта будзе тыднёвы марафон спорту пад назвай Беларускія лёгкаатлетычныя гульні! На працягу пяці дзён лепшыя атлеты краіны будуць змагацца за медалі нацыянальнага чэмпіянату. Для спартсменаў ва ўмовах пераносу летніх Алімпійскіх гульняў у Токіа гэта галоўная падзея сезона. Дарэчы, тэрміны правядзення стартаў супадаюць. А гэта значыць, што можна праверыць, ці правільна была праведзеная падрыхтоўка. Ну і, вядома, не забудуць арганізатары пра балельшчыкаў. Для фанатаў падрыхтавана шмат сюрпрызаў. 

Ну а зараз уласна пра спорт. Зараз спаборнічаюць у штурханні ядра. У сектары жанчыны. І тут уся ўвага да нашага лідара Алёны Дубіцкай. Вельмі цікава будзе паглядзець на яе вынікі на хатняй арэне. Асабліва калі ўспомніць, што ўлетку Дубіцкая на першым жа афіцыйным старце абнавіла асабісты рэкорд, які зараз роўны 19 метрам і 27 сантыметрам. Гэта сур'ёзныя лічбы. Вышэй за Алёну ў сусветным рэйтынгу па выніках зімовага сезона толькі амерыканкі Чэйсі Лі і Джэсіка Рамсі. А таксама двухразовая чэмпіёнка свету і ўладальніца медалёў дзвюх Алімпіяд Ліцзяа Гон з Кітая.

У 20:30 у сектар выйдуць мужчыны. За падзеямі, якія разгортваюцца ля Палаца спорту, можна сачыць у рэжыме лайф. Тэлеканал "Беларусь 5" вядзе прамую трансляцыю. Наша здымачная група застанецца тут працаваць, каб паведаміць вам, дарагія гледачы, першыя вынікі чэмпіянату краіны ў выпуску праграмы "Панарама".