У беларусаў на чэмпіянаце свету па веславанні на байдарках і каноэ 6 узнагарод: 4 залатыя, сярэбраная і бронзавая

24 августа 2019

Пераможныя навіны для нас прыходзяць адразу з двух планетарных форумаў. З венгерскага горада Сегеда, дзе праходзіць чэмпіянат свету па веславанні на байдарках і каноэ, а таксама з Раўбіч - з сусветнага форуму па  летнім біятлоне. І пачнём з веславання. Сёння медальная скарбонка беларусаў папоўнілася адразу трыма ўзнагародамі і трыма алімпійскімі пуцёўкамі ў Токіа. Зараз у нашай зборнай шэсць узнагарод. З іх  чатыры залатыя, сярэбраная  і бронзавая.

Свой высокі клас  ізноў прадэманстравалі Марына Літвінчук і Вольга Худзенка. У алімпійскай дысцыпліне ў заездзе байдарак-двоек на дыстанцыі 500 метраў нашы дзяўчаты выйгралі яшчэ адно золата і сталі такім чынам двухразовымі чэмпіёнкамі свету. Учора ім не было роўных на дыстанцыі 200 метраў. 

Яшчэ адзін медаль вышэйшай пробы  сёння прынеслі нашы байдарачнікі  Станіслаў Дайнека і Дзмітрый Натынчык. Беларусы ўпэўнена абышлі сапернікаў у заездзе на дыстанцыі 500 метраў. І вось першыя эмоцыі новаспечаных чэмпіёнаў свету. 

З перамогай нашых весляроў павіншаваў Прэзідэнт: "Дарагія Марына, Вольга, Станіслаў і Дзмітрый!

Віншую з заваяваннем  залатых медалёў чэмпіянату свету ў гонках на дыстанцыі 500 метраў сярод байдарак-двоек. Дзякуючы высокаму спартыўнаму майстэрству, выдатнай фізічнай форме і мэтанакіраванасці  вы выканалі пастаўленую задачу і апраўдалі надзеі беларускіх аматараў спорту".

Сапраўдную волю да перамогі сёння прадэманстравала і Алена Наздрова. У заездзе каноэ-адзіночак на дыстанцыі 200 метраў  яна не толькі выйграла ліцэнзію на алімпіяду ў Токіа, але і вырвала на фінішы бронзавы медаль. 

Напярэдадні Алена стала чэмпіёнкай -  прыйшла першай на дыстанцыі 500 метраў. Узнагароду найвышэйшай вартасці  ў скарбонку зборнай  дадаў і наш залаты экіпаж у  асобе Марыны Літвінчук і Вольгі Худзенкі. Медальны пачын нашых дзяўчат падтрымаў і байдарачнік Мікіта Борыкаў. Ён заваяваў серабро на дыстанцыі 500 метраў. 

Па выніках першага фінальнага дня  нашых спартсменаў таксама падтрымаў Кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт накіраваў персанальныя віншаванні ўладальнікам залатых медалёў, а таксама выказаў словы ўдзячнасці ўсёй нацыянальнай камандзе па веславанні на байдарках і каноэ.

Заўтра на чэмпіянаце свету заключны дзень. А значыць і новыя старты. Беларускім веслярам удалося прабіцца ў 11 фіналаў. Сярод іх 4 - на алімпійскіх дыстанцыях. Прамыя трансляцыі глядзіце на "Беларусь 5"  у 12:05 і 14:05.