У Беларусі другое агульнакаманднае месца. 45 медалеў: 15 залатых, 11 сярэбраных і 19 бронзавых

26 июня 2019

Пачнём інфармацыйны канал з вынікаў гэтага  пераломнага для Беларусі  дня II Еўрапейскіх гульняў. Перасягнулі нашы атлеты планку Баку -  43 медалі. Такім чынам, у нас другое агульнакаманднае месца. 45 медалеў на сёння: 15 залатых, 11 сярэбраных і 19 з бронзавым адлівам. Здабытыя цяжкай працай, амытыя дзесьці слязамі, а дзесьці сённяшнім дажджом пасля доўгіх, няпростых, гарачых дзён.

Сёння мы хварэлі і віншавалі ў эфіры нашых дзяўчат  на вяслярным канале ў Заслаўі. Залатыя Марына Літвінчук і Вольга Худзенка  проста праляцелі на байдарцы-двойцы сваю дыстанцыю 500 метраў. Поўныя трыбуны віталі нашых чэмпіёнак. 

З заваяваннем залатога медаля Марыну Літвінчук і Вольгу Худзенка павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Бронза  ў Алега Юрэні, 1000 метраў у байдарцы-адзіночцы. Серабро ў кулявой стральбе здабыў Юрый Шчарбацэвіч. Медальнай для беларусаў стала і барацьба. 

Раскажам аб усім. Але пачнём з нашых весляроў. 

Увесь дзень у Заслаўі працавала Крысціна Камыш. Слёзы Вольгі Худзенкі, каментарыі галоўнага трэнера, усе эмоцыі і расклад на заўтра з халоднай галавой - у яе.

Першым з нашых на дыстанцыю выйшаў Алег Юрэня. У вырашальным заездзе байдарак-адзіночак на 1000 метраў беларус прайграў лідару Балінту Копасу з Венгрыі  крыху больш за  секунду. Як вынік -  наш спартсмен змог узяць бронзу.

А затым быў заезд, які нікога не пакінуў абыякавым. Марына Літвінчук і Вольга Худзенка перамаглі ў байдарцы-двойцы на 500 метрах. Наш тандэм з першых секунд дыстанцыі ўзяў высокі тэмп і выйшаў у лідары. Да фінішу дуэт толькі дадаваў. А святкаваць поспех дзяўчаты пачалі яшчэ да таго, як перасеклі стужку.

А пасля ўзнагароджання нашым залатым дзяўчатам было цяжка стрымаць эмоцыі.

Цікава, што пасля такой фенаменальнай гонкі дзяўчаты адправіліся не на заслужаны адпачынак у вёску спартсменаў, а зноў на канал праходзіць кваліфікацыю. Кожная з іх правядзе пра тры заезды заўтра.

Мяркуецца, што за час трох спаборніцкіх дзён у Заслаўі пабываюць каля 8 тысяч гледачоў. Сёння трыбуны былі запоўненыя задоўга да старту.

Веславанне - адзіны від спорту на II Еўрапейскіх гульнях, дзе прадстаўнікам СМІ не хапала месца за сталамі ў прэс-цэнтры. Тут сочаць па персаналіях. Чэхі -  за Марцінам Фуксам, венгры  - за Данутай Козак, немцы -  за Себасцьянам Брэндэлем.

Уладзімір Уладзіміравіч Шантаровіч, галоўны трэнер зборнай Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ, да старту II Еўрапейскіх гульняў не ўтойваў свой медальны план: 5 разоў нашы павінны падняцца на п'едэстал. Што ж! У першы дзень фіналаў тут, у Заслаўі, было разыграна 5 камплектаў узнагарод. Золата і бронза дадаліся ў медальную скарбонку Беларусі.

Заўтра ў Заслаўі разыграюць 11 камплектаў узнагарод. І на ваду выйдуць усе нашы любімыя лодачкі, напрыклад, байдаркі-чацвёркі як у мужчын, так і ў жанчын, каноэ-адзіночкі. Беларусы заяўленыя на ўсе дыстанцыі.

Першы заезд адбудзецца ў 10 раніцы.