У Беларусі другі залаты медаль на Алімпійскіх гульнях! Віншуем нашу каманду і балельшчыкаў

22 февраля 2018

Сенсацыйная перамога жаночай зборнай па біятлоне ў эстафетнай гонцы. Нашы дзяўчаты, сабраўшы ў кулак волю, прафесіяналізм і хуткасць, даказалі - яны лепшыя. Першай на дыстанцыі стартавала Надзея Скардзіна. Яна закрыла ўсе мішэні, выкарыстаўшы два дадатковыя патроны. У выніку эстафету Ірына Крыўко прымала 10-й. Дынара Алімбекава, дэбютант Алімпіяды, не падвяла. Яна нават паднялася на адзін радок. Завяршала гонку ад Беларусі Дар'я Домрачава. На лежні яна адстралялася чыста, на стойку прыйшла ў лідарах і прымусіла балельшчыкаў крыху пахвалявацца. Але тры дадатковыя патроны закрылі ўсе мішэні.

Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Дынара Алімбекава і Дар'я Домрачава - алімпійскія чэмпіёнкі Пхёнчхана! Кадры залатога фінішу беларусак...

Крыху пазней адбылася кветкавая цырымонія. Побач з беларускамі на п'едэстал падняліся шведкі і францужанкі.

Гэты поспех дазволіў беларускай камандзе падняцца на 13-е месца ў медальным заліку. Усяго ў актыве зборнай тры медалі: золата Ганны Гуськовай у фрыстайле і серабро Дар'і Домрачавай у мас-старце.