У Беларусі 4 медалі на Паралімпіядзе ў Пхёнчхане

11 марта 2018

Хто сапраўды мае поспех у развіцці высокіх тэхналогій, дык гэта Паўднёвая Карэя. У гэтым мы маглі яшчэ раз пераканацца падчас адкрыцця ўжо Паралімпіяды. Урачыстая цырымонія адбылася 9 сакавіка і ўразіла сваёй фантастычнай прыгажосцю.

Беларусы на Паралімпійскіх гульнях прадстаўлены ў біятлоне і лыжных гонках. І ўжо паказалі сваю моц. Лыжнікі, якія страляюць, прынеслі краіне 4 узнагароды. Дзмітрый Лобан стаў другім у спрынтарскай гонцы сярод спартсменаў з парушэннем апорна-рухальнага апарата, а Лідзія Графеева ў аналагічнай жаночай дысцыпліне выйграла бронзу.

Яшчэ адно серабро заваяваў Юрый Голуб у спрынце сярод біятланістаў з парушэннем зроку, а бронзу ўзяла Святлана Саханенка

Для зборнай Беларусі гэтая белая Паралімпіяда ўжо 7-я. Усяго ад нашай краіны на ёй выступяць 14 спартсменаў.

І яшчэ крыху лічбаў. Разыграюць у Пхёнчхане 80 камплектаў медалёў у 4 відах спорту: біятлоне, лыжах, кёрлінгу і хакеі. Змагаюцца за п'едэстал прадстаўнікі 49 краін, 3 з якіх на зімовых Гульнях удзельнічаюць упершыню. Гэта Грузія, Паўночная Карэя і Таджыкістан.