Турнір па спартыўных бальных танцах прайшоў у Мінску

20 февраля 2017

Танцавальны марафон аб'яднаў рэкордную колькасць удзельнікаў з 12 краін. З майстрамі вальса, танга і квікстэпа пазнаёмілася Юлія Токар.

Мінск зноў у цэнтры танцавальнай стыхіі. Сёлетні 5 адкрыты турнір па спартыўных бальных танцах б’е рэкорды як па колькасці ўдзельнікаў - на паркет выйшлі амаль 800 пар, так і па геаграфіі гасцей - Расія, Украіна, Францыя, Італія, Ізраіль. Прадстаўлены 12 краін.

Турнір адкрыты, а гэта значыць, што на адной пляцоўцы - прафесіяналы і аматары рознай падрыхтоўкі і ўзросту. Самым маленькім танцорам няма і шасці.

Квікстэп, вальс, танга і джайв на адным паркеце. Месяцы плённых рэпетыцый, каб бездакорна выканаць танцавальныя па, выбар яркіх, непаўторных касцюмаў, тысячы кіламетраў і менш чым дзве хвіліны на сцэне, каб уразіць прафесійнае журы.

Адзін з галоўных атрыбутаў для танцора - абутак. Напрыклад, гэтыя закрытыя туфлі разлічаны на еўрапейскую праграму, а вось у такіх, адкрытых, удзельнікі танцуюць самбу, румбу і ча-ча-ча.

Румба іх звязала. Прафесійныя танцоры Ягор і Ганна ў пары менш як год, але ж адчуванне партнёра дазволіла праз два тыдні стаць прызёрамі на чэмпіянаце Беларусі. Гэтым разам для лаціна-амерыканскай праграмы дуэт прымерыў вобразы гарачых іспанцаў.

На працягу двухдзённага марафону танцоры змагаліся за Кубак свету - тытул, які даецца на ўсё жыццё. Наступны танцавальны форум адбудзецца восенню. Падчас Кубка горада ўдзельнікі пакажуць новыя харэаграфічныя праграмы.