Турнір памяці Руслана Салея

18 августа 2013

Усе падрабязнасці ў рэпартажы Андрэя Казлова


Тры дні на лёдзе Мінск-Арэны змясцілі ў сябе шэсць хакейных матчаў. На турнір памяці легендарнага капітана зборнай Беларусі Руслана Салея ў госці да мінскага Дынама прыехалі чэмпіён краіны Нёман-Гродна і два расійскія клубы КХЛ - маскоўскі Спартак і хабараўскі Амур.


Выдатна, што з'яўляюцца такія турніры. Сумна, што сыходзяць людзі, імя якіх гэтыя турніры носяць.


У Мінску на Маскоўскіх могілках не перастаюць наведваць магілу Руслана. Тут заўсёды свежыя кветкі ад родных, блізкіх і ад самых адданых балельшчыкаў.


Хакеісты напярэдадні турніру не ўтойвалі свайго жадання годна тут выступіць. Многія гулялі плячо ў плячо з Русланам Салеем.


Летась на першым у гісторыі турніры памяці Руслана Салея сімвалічнае ўкіданне зрабіў яго сын - Сандра. У Мінск тады прыехала ўся сям'я нашага капітана.


Сёлета адкрыццё было больш сціплым, але ад гэтага не менш кранальным.


Імя Руслана Салея на Арэне гэтымі днямі сустракалася пастаянна. Балельшчыкі прыязджалі з усёй Беларусі - не толькі паглядзець на хакей высокага ўзроўню, але і ўшанаваць памяць капітана зборнай.


Нумар 24 назаўжды замацаваны за Русланам Салеем, яго імя носяць перадсезонны турнір і Кубак Беларусі. Зараз жа Федэрацыя хакея нашай краіны адправіла запыт на ўключэнне імя Руслана Салея ў залу славы Міжнароднай федэрацыі хакея.


Глен Хэнлан, галоўны трэнер Нацыянальнай зборнай Беларусі па хакеі: Я памятаю ў 2009 годзе на чэмпіянаце свету ў адным з матчаў мы гулялі ў меншасці. Руслан не сыходзіў з лёду 2 хвіліны. Мы выстаялі і адразу атрымалі большасць. І ён мне сказаў: Трэнер, выпускай мяне. Я спытаў: Руслан, ты, напэўна, стаміўся, адпачні. А ён адказаў: Я ніколі не стамляюся….


Яўген Ворсін, старшыня Федэрацыі хакея Беларусі: Гэты чалавек мог прапанаваць трэнеру пакуль не ўмешвацца ў падзеі, якія адбываюцца на полі. Ён сам збіраў гэтую каманду і гаварыў ёй, мабыць, самыя патрэбныя словы. Пасля перапынку гэта выходзіла цалкам іншая каманда, гатовая змагацца, гатовая перамагаць. Гэта роля лідара, роля капітана каманды.


Турнір памяці Руслана Салея таварыскі, але чарга ў касы знікала толькі да першага перапынку матча. І на трыбуны балельшчыкі Дынама ішлі з задавальненнем, перад кожнай сустрэчай і з Амурам, і са Спартаком былі ўпэўненыя ў перамозе. Але пасля двух паражэнняў запар аптымізм знікаў у момант. Станавілася боязна за вынік усяго сезона.