Цырымонію закрыцця II Еўрапейскіх гульняў рыхтуе міжнародная каманда прафесіяналаў

30 июня 2019

Цырымонію закрыцця II Еўрапейскіх гульняў - фінальны акорд вялікага свята - рыхтуе міжнародная каманда прафесіяналаў. Сёння вечарам убачым відовішчнае шоу, будзе шмат інтэрактыву, дапоўненая рэальнасць. І каб усё атрымалася, з раніцы вядзецца падрыхтоўка, апошнія тэхнічныя праверкі.

І на сувязі са студыяй Юлія Токар (прамое ўключэнне). Мы, як бачыце, спусціліся на поле бліжэй да сцэны. Тут ужо вельмі добра бачны зманціраваныя дэкарацыі, усё абсталяванне. І зараз ідзе тэхнічная праверка пляцоўкі. Па перыметры арэны будуць працаваць некалькі дзясяткаў камер, трансляцыю пакажуць па ўсім свеце, таму зараз важна нічога не прапусціць.

Шоу будзе сапраўды маштабным. Задзейнічана некалькі сотняў артыстаў, яшчэ больш валанцёраў і дзве тысячы лепшых спартсменаў кантынента. Усіх удзельнікаў яркай гісторыі нашых Еўрапейскіх гульняў збярэ сёння вечарам стадыён "Дынама".

Відавочцамі цырымоніі закрыцця стануць больш за 22 тысячы чалавек. Менавіта столькі змяшчае арэна. І я хачу распавесці, што знойдуць у рукзаках госці сённяшняга вечара. Тут і бранзалет, які створыць эфект зорнага неба. А за музычныя рытмы сёння будуць адказваць IOWA, J:Mорс і "Лепрыконсы". Гэта вялікае свята, гэты гістарычны момант запячатвання "Полымя міру" варта ўбачыць тут. Хто не купіў білеты, спяшаецеся, дадатковыя выпушчаны ў продаж.