Маляўнічым карнавалам завяршаюцца сёння першыя Еўрапейскія гульні ў Баку. Прамую трансляцыю ў 18:55 будзе весці канал "Беларусь 1". Арганізатары абяцаюць поўнае сюрпрызаў шоу. Беларуская зборная на гульнях выступіла звышпаспяхова, перасягнуўшы самыя смелыя медальныя чаканні. У нашай скарбонцы 43 медалі - 10 залатых, 11 срэбных, 22 бронзавыя. На працягу 17 дзён Белтэлерадыёкампанія паказвала ўсе спаборніцтвы. А нашы карэспандэнты распавядалі пра поспехі нашай зборнай.
Расказвае Павел Капуцкі.
Мы не проста першыя, мы лепшыя. Арганізатары бакінскіх гульняў высока паднялі планку і сёння плануюць паставіць тоўстую кропку ў гісторыі пад назвай Еўрапейскія гульні - 2015. Менавіта тут, на алімпійскім стадыёне, пройдзе цырымонія закрыцця.
Пакуль каля арэны зацішша, але гэта тая самая цішыня, якая бывае перад бурай. Ідуць апошнія падрыхтоўкі, трапіць унутр у тэлевізійшчыкаў няма ніякіх шанцаў. Паводле традыцыі, усе дэталі шоу трымаюцца ў сакрэце. Вядома, што закрыццё стане ледзь ці не больш відовішчным і маштабным, чым адкрыццё.
Нагадаем, на цырымонію, якая праходзіла 12 чэрвеня, азербайджанцы выдаткавалі 100 мільёнаў долараў. Кошт будучага перфоманса пакуль не раскрываецца, але ён сапраўды будзе вялікі. Плануецца, што некалькі песень выканае Мадона. Падчас адкрыцця тут выступала Лэдзі Гага. Таксама будзе парад удзельнікаў. Вялікая частка беларускіх спартсменаў ужо вярнулася на радзіму, на алімпійскі стадыён выйдуць тыя, хто выступаў у апошнія дні гульняў.
На першых Еўрапейскіх гульнях беларусы заваявалі больш як 40 медалёў і па колькасці ўзнагарод увайшлі ў дзясятку наймацнейшых. Прытым, што краін-удзельніц было 50. Сімвалічная і колькасць залатых медалёў - 10. Безумоўны лідар - зборная Расіі. Ва ўсходніх суседзяў амаль паўтары сотні ўзнагарод.
Алімпійскі стадыён месціць 70 тысяч гледачоў. Усе білеты на цырымонію закрыцця прададзеныя. Прамую трансляцыю шоу глядзіце на "Беларусь 1". Пачатак у 18:55.













