Цэнтр "Галактыка" ў Мінскай вобласці выхоўвае будучых чэмпіёнаў

23 августа 2016

Дзясяты год цэнтр "Галактыка" ў Мінскай вобласці выхоўвае будучых чэмпіёнаў па лёгкай атлетыцы і прафесійных барцоў розных стыляў. Матэрыяльна-тэхнічнай базы хапае і для камандных відаў спорту - гандбола, валейбола, баскетбола. Сёлета на баланс Мінскага абласнога цэнтра перадалі былы лагер "Бярозка". Зараз для аздараўлення і актыўнага адпачынку ёсць 9 гектараў. А гэта 400 месцаў для пражывання, канферэнц-зала, кафэ, сталовая, спортпляцоўка, барцоўская і трэнажорная залы. Рэпартаж Аляксандры Драгун.

Адцісканні, прысяданні, скачкі на скакалцы, расцягванне спартыўнай гумкі - практыкаванні, якія абавязкова адпрацоўваюць дзюдаісты, каб стаць пераможцам на татамі. Філасофію японскага баявога мастацтва Віктар Грэцкі спасцігае пяты год. Не дзеля спартыўнай кар'еры, а для фізічнага развіцця хлопец старанна адточвае тэхніку кідкоў.

Зімой і летам дзверы ўніверсальнай спортпляцоўкі, барцоўскай і трэнажорнай залаў адчыненыя для спартсменаў, якія прыязджаюць на зборы ў "Галактыку". Цэнтр для аздараўлення і фізічнай падрыхтоўкі займае 9 гектараў, а гэта 4 сотні месцаў для пражывання.

"Галактыка", што ў Валожынскім раёне, мае свае сузор'і, праўда, на спартыўным небасхіле Мінскай вобласці. На працягу 10-ці гадоў шматфункцыянальны цэнтр выхоўвае будучых чэмпіёнаў па лёгкай атлетыцы, прафесійных барцоў розных стыляў. Матэрыяльна-тэхнічнай базы хапае і для камандных відаў спорту - гандбола, валейбола, баскетбола.

Сцены "Галактыкі" для Паўла Шамоніна сталі роднымі. Восьмае лета на пляцоўках спартыўна-аздараўленчай базы трэніруе гнуткасць і сілу, выпрацоўвае тэхніку вядзення барацьбы. Перспектыўны барэц грэка-рымскага стылю марыць прадоўжыць дасягненні бронзавага прызёра Алімпіяды ў Рыа Джавіда Гамзатава.

Ад агульнафізічнай да тэхніка-тактычнай падрыхтоўкі. У "Галактыцы" за лета дзеці не страчваюць спартыўнага спрыту. Асноўны гонар комплексу - барцоўская зала са спецыяльнай падлогай, засланай жорсткімі матамі пад пакрыццём для самба.

Тэрыторыю "Галактыкі" па-суседску дзеляць спартсмены, якіх на гэтай змене налічваецца тры сотні, школьнікі, што прыехалі ў лагер на аздараўленне, і замежныя госці, якія выбіраюць утульны комплекс для трэнінгаў, семінараў і канферэнцый.

Зараз "Галактыка" займае тэрыторыю трох аздараўленчых лагераў. Сёлета ў цэнтры разлічваюць абнавіць сталовую, адзін з жылых карпусоў, барцоўскую і трэнажорную залы, каб дзеці з Мінскай вобласці маглі з камфортам займацца любімым спортам і адпачываць.