Трыумфальнае выступленне беларусаў на чэмпіянаце Еўропы па скачках на батуце ў Сочы

3 мая 2021

Сёння ў Нацыянальным аэрапорце сустракалі каманду па скачках на батуце. Беларусы трыумфальна выступілі на чэмпіянаце Еўропы   ў Сочы.  Алег Рабцаў выйграў тры залатыя медалі кантынентальнага форуму, у тым ліку стаў чэмпіёнам у індывідуальных скачках, якія з'яўляюцца алімпійскім відам праграмы.  Серабро на рахунку  Уладзіслава Ганчарова. Усяго з улікам юніёрскіх спаборніцтваў  у скарбонцы  нашай каманды 13 узнагарод. З  трыумфам на чэмпіянаце Еўропы ў Сочы  ўсю зборную  павіншаваў кіраўнік дзяржавы. 

Прэзідэнт павіншаваў нацыянальную каманду па скачках на батуце з трыумфам на чэмпіянаце Еўропы

Аляксандр Лукашэнка пажадаў усёй камандзе дабра, дабрабыту і моцнага здароўя.

Алег Рабцаў  пасля прылёту  прызнаўся, што навіна аб нараджэнні сына заспела яго яшчэ перад камандным турнірам і надала дадатковай матывацыі ў фінальных спаборніцтвах.

Ужо 5 мая  каманда адновіць трэніровачны працэс, бо ў пачатку чэрвеня батутыстам трэба будзе выступіць на этапе Кубка свету ў Італіі. Пакуль у актыве зборнай дзве мужчынскія  неімянныя ліцэнзіі, на якія прэтэндуюць тры спартсмены. Яшчэ адну ліцэнзію беларусы могуць заваяваць сярод жанчын.