Трыумфальнае вяртанне Дар'і Домрачавай

8 декабря 2017

Пачынаем выпуск з гучнай перамогі нашай Дар'і Домрачавай! Золата ў біятлонным спрынце! Гэта сапраўды трыумфальнае і доўгачаканае вяртанне нашай Дашы! Нашай "залатой Дашы"! У першыя хвіліны пасля заканчэння з перамогай у спрынтарскай гонцы Дар'ю Домрачаву павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

"На працягу сваёй кар'еры ты дэманструеш якасці выбітнага спартсмена, якія сёння прынеслі табе заслужаную перамогу на трасе Хахфільцэна, якая ўжо стала для цябе шчаслівай. Мы верым у цябе і з вялікай надзеяй чакаем ад жаночай зборнай яркага і дзейснага сезона", - гаворыцца ў віншаванні.

Аляксандр Лукашэнка таксама пажадаў Дар'і Домрачавай, усёй камандзе, трэнерскаму штабу ўпэўненасці ў сваіх сілах, моцнага здароўя і ўдачы.

Гэта першая вікторыя Дашы ў гэтым сезоне. Першая з сакавіка 2015-га і 29-я - у кар'еры. Можна з упэўненасцю гаварыць: трохразовая алімпійская чэмпіёнка вярнулася на свой лепшы спартыўны ўзровень. А сённяшнія ўмовы для гонкі былі самымі складанымі - і снегапад, і вецер. Але ніводнага промаху на стрэльбішчы і выдатная хуткасць па дыстанцыі. Гэта другі медаль найвышэйшай пробы нашых біятланістак у сезоне. Прычым Надзея Скардзіна выйграла золата на старце першага этапу Кубка свету ў Эстэрсундзе, а Дар'я Домрачава сёння ўзяла золата на старце другога этапу ў Хахфільцэне.

Вось такі ён, аўстрыйскі Хахфільцэн. Уражлівы і гасцінны для беларусаў. Менавіта тут у лютым гэтага года Дар'я Домрачава феерычна вярнулася пасля родаў: выйграла срэбра гонкі праследавання на чэмпіянаце свету. Але рэжысёрская брыгада трансляцыі чамусьці аб гэтым забыла: не паказалі ні старт, ні першую стральбу трохразовай алімпійскай чэмпіёнкі. У найскладанейшых пагодных умовах Домрачава без промахаў прайшла першы рубеж і да другога прыехала ў статусе прэтэндэнта на подыум.

Дар'я справілася цудоўна. Калі яна закрывае ўсе мішэні, змагацца амаль немагчыма. На шляху да фінішу Домрачаву вядуць, нібы кампенсуючы тое, што не паказалі ў першай частцы гонкі. Яна перасякае запаветную лінію. Стомленая, але непераможаная.

Ледзь пазней, на цырымоніі ўзнагароджання, эмоцый ужо больш. 29-я перамога ў кар'еры 31-гадовай спартсменкі. Радуецца, як звычайна, трохі па-дзіцячаму.

Побач на п'едэстале Анастасія Кузьміна, якая прадстаўляе Славакію, і італьянка Даратэя Вірэр. Іх беларуска абагнала на 22 і 30 секунд адпаведна. Астатнія - яшчэ далей. Значыць шанцы на перамогу ў гонцы праследавання выдатныя. Яна пройдзе заўтра. У 16:40 прамая трансляцыя на "Беларусь 5".