Трыумф на тэнісным турніры ў Кітаі. Арына Сабаленка здолела абараніць тытул чэмпіёнкі

29 сентября 2019

Арына Сабаленка ў фінале адзіночнага разраду абгуляла амерыканку Элісан Рыск і здолела абараніць тытул чэмпіёнкі. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Арыну Сабаленку з гэтым выбітным дасягненнем. Наогул, атрымліваецца, што на турніры ва Ухані наша тэнісістка не ведае горычы паражэнняў: 12 матчаў, 12 перамог, два тытулы. Фенаменальны вынік! Але шлях да гэтага паядынку быў няпростым. 
Ужо на старце нашай тытулаванай тэнісістцы прыйшлося гуляць з калегай па зборнай Аляксандрай Сасновіч, пасля яе саперніцамі былі два гульцы з топ-10, у тым ліку і першая ракетка свету Эшлі Барці. Вырашальны матч выдаўся цяжкім і зацяжным. Тэнісісткі правялі на корце амаль дзве гадзіны. Першы сэт застаўся за Арынай 6:3. Але Элісан дзякуючы ўсяго аднаму брэйку ў другой партыі здолела вярнуць інтрыгу ў паядынак. 

Пасля амерыканка прызнаецца, што Сабаленка настолькі выматала яе, што на трэці сэт амаль не засталося сіл.

У вырашальнай партыі Арына дазволіла саперніцы толькі аднойчы ўзяць сваю падачу 6:1. Безумоўная перамога беларускай тэнісісткі.

Арына Сабаленка, двухразовая чэмпіёнка турніру ва Ухані: "Я не магу паверыць, што абараніла гэты тытул. Я нават не магла сабе ўявіць, што ў мяне атрымаецца гэта зрабіць. Зараз я проста шчаслівая. Не магу паверыць, што гэта адбылося. Гэтая перамога вельмі шмат значыць для мяне. Год быў сапраўды цяжкім для ўсіх нас. Я баялася, што не змагу абараніць тытул. Я спрабавала захаваць свае ачкі ўжо ў пачатку гэтага года. У гэтым была мая праблема. Вось чаму я не магла нармальна трэніравацца, добра гуляць і змагацца па-сапраўднаму". 

Арына Сабаленка - другая тэнісістка ў гісторыі, каму атрымлівалася абараніць тытул ва Ухані. 

Раней гэта зрабіла Петра Квітава. Для Сабаленкі гэта чацвёрты тытул турніраў WTA і другі заваяваны ў адзіночным разрадзе ў гэтым сезоне. У пачатку года Арына перамагла ў Шэньчжэне. 

Ва Ухані разам з Эліз Мёртэнс беларуска гуляла і ў фінале парнага разраду. Але, на жаль, у гэтым выпадку перамога засталася за саперніцамі. Праўда, ужо ў панядзелак у абноўленым рэйтынгу парнага разраду Арына паднімецца на рэкордную для сябе пятую пазіцыю.