Тры медалі на чэмпіянаце Еўропы па водных відах спорту

26 августа 2014
Зборная Беларусі з трыма медалямі вяртаецца з чэмпіянату Еўропы па водных відах спорту ў Берліне. Напярэдадні нацыянальная каманда вярнулася дахаты. Адна ўзнагарода заваяваная ў сінхронных скачках. Яшчэ дзве прынесла плаванне.



Павел Капуцкі сустракаў герояў Берліна.

Балельшчыкі прывыклі да навін аб медальных выступленнях Аляксандры Герасімені, але з Германіі залатая рыбка прыляцела без каштметалу. Падстрахавалі мужчыны. Добры знак за два гады да Алімпіяды ў Рыа.


Яўген Цуркін і Павел Санковіч выходзяць з задаволенымі тварамі. Гатовыя і да віншавання, і да інтэрв'ю. Іншая справа, чэмпіёнка свету і двухразовая сярэбраная прызёрка Гульняў у Лондане Аляксандра Герасіменя. У Берліне яна абышлася без медалёў, а на адной з каронных дыстанцый 50 метраў вольным стылем не трапіла ў фінал.


Яўген Цуркін стаў чэмпіёнам на 50 метрах батэрфляем. Раней лепшым дасягненнем 23-гадовага гамяльчаніна была бронза на чэмпіянаце Еўропы 2012 года ў Венгрыі. Дысцыпліна тая ж - 50 метраў батэрфляем.


Шчаслівым батэрфляй стаў і для яшчэ аднаго беларуса. У заплыве на сто метраў Павел Санковіч паказаў трэці час. У яго кар'еры гэта пакуль таксама галоўнае дасягненне.

У сінхронных скачках з дзесяціметровай вышкі Вадзім Каптур і Яўген Каралёў узялі серабро. У медальным заліку зборная Беларусі на 15 месцы. Ужо ў наступным годзе ў Казані пройдзе чэмпіянат свету. Таксама ў 2015 пачынаецца адбор на Алімпіяду.