Трэці турнір памяці Руслана Салея стартаваў на Мінск-Арэне

15 августа 2014
Яны скрыжавалі клюшкі ў памяць пра вялікага хакеіста, сябра, капітана… Трэці турнір памяці Руслана Салея стартаваў сёння на Мінск-Арэне. Амаль тры гады таму Руслан трагічна загінуў разам са сваёй камандай, яраслаўскім Лакаматывам. Турнір-прысвячэнне беларускія клубы яшчэ не выйгравалі… Ці атрымаецца гэтым разам? Пра гэта і, вядома, не толькі - Алена Гарэльчык.

Фіналіст кубка Стэнлі, удзельнік трох Алімпіяд, капітан беларускай зборнай, яго джэрсі з нумарам 24 пад купалам Мінск-Арэны, яго імя навечна ў сэрцах балельшчыкаў не толькі з Беларусі. Руслан Салей - не проста легенда, для многіх Руслан Салей - гэта і ёсць беларускі хакей.
У саперніках гродзенскага Нёмана сёння зборная клубаў Беларусі. Каманду сабраў Міхаіл Захараў, трэнер, не, блізкі сябар Руслана Салея. З той трагедыі прайшло амаль тры гады, але памяць захоўвае кожную сустрэчу і кожны жарт.
Тры гады гэта крыху больш за тысячу дзён. За гэты час адбылося шмат. Нязменным засталося адно - ля гэтай магілы круглы год жывыя кветкі. А ў нашай памяці Руслан Салей па-ранейшаму выходзіць з клюшкай на лёд.
Вялікі гулец, за сваю любоў да хакея, за самааддачу, за талент у маі гэтага года яго імя было ўведзена ў залу славы IIHF. Як даніна памяці. Ён у спісе лепшых, адзін з 195 і першы з беларусаў.
Зборная клубаў, чэмпіён краіны гродзенскі Нёман, за перамогу ў трэцім турніры змагаюцца сталічнае Дынама і навічок Кантынентальнай хакейнай лігі клуб Сочы. Турнір памяці Руслана Салея - таварыскі. Ён папярэднічае новаму хакейнаму сезону. Каманды найграюць склады, правяраюць навічкоў. Але на лёдзе кожны яго ўдзельнік выкладваецца да канца, іннакш не мае права, бо сам Руслан у любой сітуацыі змагаўся да канца.


У холе Мінск-Арэны - традыцыйны продаж сувеніраў. Амаль усе яны звязаныя з Салеем. Майка з лагатыпам клуба, за які ў сваё час гуляў Руслан, значок, кубак з фатаграфіяй і кніга журналіста і сябра Сяргея Аляхновіча, праект не камерцыйны. Паводле задумкі брата Руслана Вадзіма, усе сродкі ад продажу пойдуць на новы тыраж.


Пад купалам Мінск-Арэны красуецца джэрсі з нумарам 24, нумарам, які навечна замацаваны за Русланам Салеем у нацыянальнай зборнай. Вось толькі часам здаецца, што за прыгожымі камбінацыямі і закінутымі шайбамі аднекуль зверху, з-пад купала Мінск-Арэны назірае сам Руслан. І ўсміхаецца, таму што хакей быў яго жыццём.