Трэці спаборніцкі дзень на Алімпіядзе для беларусаў прайшоў без узнагарод

9 августа 2016

Медальная скарбонка зборнай пакуль пустая. Але ж Гульні чатырохгоддзя толькі набіраюць абароты, і галоўныя нашы надзеі ў барацьбу яшчэ не ўступалі. Напярэдадні ў 1/16 фіналу турніру па настольным тэнісе Уладзіміру Самсонаву дастаўся вельмі сур'ёзны апанент - 20-я ракетка свету швед Крысціян Карлсан. І беларус упэўнена ўзяў верх.

Як прайшоў трэці дзень у Рыа для іншых беларускіх атлетаў - у рэпартажы Андрэя Казлова. Калі вы глядзелі гэты паядынак, то абавязкова нас зразумееце. Следам за крыўдным паражэннем жаночай баскетбольнай зборнай Беларусі ад Францыі толькі з фінальнай сірэнай, не менш драматычнай атрымалася сустрэча і для Вікторыі Паўловіч у настольным тэнісе. Ужо пасля яе завяршэння беларуска сама шукала мікрафон. Хацелася выказацца.

Гульня была роўная, нават з некаторай перавагай беларускі. Але ў вырашальнай партыі ўсё можна спісаць на ўдачу. На кожным кадры відаць, як цяжка давалася гэтая гульня для Паўловіч. Але вынік, на жаль, адмоўны. Вікторыя следам за Аляксандрай Прывалавай пакідае Алімпійскія гульні.

І нават у такой сітуацыі Вікторыі апладзіравалі трыбуны. За характар, які яна, безумоўна, праявіла.

Крыху пазней без перабольшання легендарны тэнісіст Уладзімір Самсонаў змагаўся за выхад у 1/8 фіналу. І калі паядынкі супраць прадстаўнікоў азіяцкай школы 40-гадоваму спартсмену ўжо часам даюцца цяжка, то з еўрапейцамі ён у сілах справіцца. Нават з такім моцным шведам, як Крысціян Карлсан.

На арэне "Алімпік шутынг цэнтр", здавалася б, куды менш дынамічна, чым на паядынку па настольным тэнісе. Але тут быў важны нюанс - васьмёрка фіналістаў, сярод якіх быў і Ілья Чаргейка, змагалася за алімпійскія ўзнагароды сярод стралкоў з пнеўматычнай вінтоўкі.

У фінал беларус трапіў з апошнім вынікам, які змог палепшыць. Але нязначна. Вынік - 6 месца.

Тым часам, на адкрытым паветры наладзілася надвор'е, вецер сціхнуў, і пасля вымушанага перапынку ў Рыа прадоўжыліся спаборніцтвы па акадэмічным веславанні. Напярэдадні барацьбу за тое, каб трапіць у чвэрцьфінал, вялі два беларускія экіпажы. Жаночая двойка двухлопасцевая ў складзе Алёны Фурман і Іны Нікулінай у сваім заездзе, на жаль, стала апошняй. Але ў дзяўчат яшчэ будзе магчымасць пазмагацца за выхад у наступную стадыю ў суцяшальных заездах. Такая ж задача стаіць і перад мужчынскай чацвёркай двухлопасцевай у складзе Вадзіма Ляліна, Дзяніса Мігаля, Ігара Пашэвіча і Мікалая Шарлапа.