Цяплом усе куткі нашай краіны аб'ядноўвае "Полымя міру". Эстафету прыняла Віцебская вобласць

24 мая 2019

Такім чынам, зусім хутка наша краіна - зялёная, чыстая і сардэчная - расчыніць свае дзверы для сотняў тысяч гасцей, і шматлікія з іх упершыню адкрыюць для сябе Беларусь. А пакуль сваім цяплом усе куткі нашай краіны аб'ядноўвае "Полымя міру".
Так ужо павялося, што ўсе важныя падзеі ў жыцці Віцебска суправаджае дождж.
Эстафету агню II Еўрапейскіх гульняў прыняла Віцебская вобласць. Так ужо павялося, што ўсе важныя падзеі ў жыцці Віцебска суправаджае дождж. Сустрэча агню выключэннем не стала - эстафета праходзіла пад ліўнем. Аднак настрой гэта не сапсавала - гараджане сардэчна віталі факеланосцаў. Сярод іх - вядомыя прадстаўнікі культуры, медыцыны, навукі і спорту. Алімпійцы Уладзіслаў Ганчароў, Ірына Крыўко, Ігар Каныгін, народная артыстка Беларусі Святлана Акружная і іншыя пранеслі агонь II Еўрапейскіх гульняў па цэнтральных вуліцах Віцебска.  
На плошчы Перамогі адбыўся і святочны канцэрт.  Сёння ў Віцебску разам з эстафетай "Полымя міру" працягваецца і міжнародная акцыя "Еўрапейскія забегі" дабрачыннага праекта #velcombegom. Мэта - дапамога дзецям з абмежаванымі магчымасцямі, якія актыўна займаюцца спортам і ў будучыні будуць прадстаўляць Беларусь на міжнародных спаборніцтвах. За 50 дзён удзельнікам акцыі трэба будзе прабегчы 200 тысяч кіламетраў. А агульная сума дабрачыннай дапамогі ад кампаніі velcom | A1 складзе 200 тысяч рублёў. 
Ужо заўтра эстафету агню "Полымя міру" прыме старажытны Полацк і самы малады горад Беларусі - Наваполацк.