Тэніснае супрацьстаянне Беларусь – Германія на кортах "Чыжоўка-Арэны"

10 февраля 2018

Жаночая зборная Беларусі па тэнісе ўжо пачала свой шлях да Кубка Федэрацыі ў новым сезоне. У першым раўндзе першай Сусветнай групы камандзе Эдуарда Дуброва супрацьстаіць Германія. Зараз на корце змагаюцца Арына Сабаленка і Таццяна Марыя.

Ля "Чыжоўка-Арэны" працуе здымачная група Агенцтва тэленавін.

На прамую сувязь са студыяй выходзіць карэспандэнт Крысціна Камыш (прамое ўключэнне).

Мы ўжо былі ў самім спарткомплексе, сачылі за матчам. Але па правілах Міжнароднай тэніснай федэрацыі падчас розыгрышаў забаронена гучна размаўляць, бо гэта адцягвае ўвагу спартсменак. Таксама забаронена пакідаць або займаць месцы на трыбунах. Перамяшчацца можна толькі падчас паўз паміж геймамі або сэтамі. Таму мы проста не хочам перашкаджаць нашым дзяўчатам перамагаць. Дарэчы, тэнісісткі адзначаюць, што ў беларускага гледача ўжо ёсць культура тэніснага хварэння.

Падтрымаць нашых тэнісістак прыехаў Кіраўнік дзяржавы. У гэтыя хвіліны на корце сустракаюцца Арына Сабаленка і Таццяна Марыя. Беларуска займае 63-ы радок у рэйтынгу WTA. Немка - 58-я ракетка свету. Лік у першым сэце 6:4 на карысць Марыі . Адзначым, Арыне ўпершыню выпала роля адкрываць матчавую сустрэчу. Напярэдадні пасля жараб'ёўкі нам удалося пагутарыць са спартсменкай. І Сабаленка ўспомніла, як яна летась у верасні ўжо выйгравала ў Марыі на турніры ў Ташкенце.

Пасля гэтага матча на корт выйдуць Аляксандра Сасновіч і Антонія Лотнер. 46-я ракетка свету супраць 149-га нумара рэйтынгу. У нядзелю нашы тэнісісткі саперніцамі памяняюцца. Таксама пройдзе парная сустрэча. Вера Лапко і Лідзія Марозава згуляюць з дуэтам Фрыдзам - Гронефельд.