Тэніс сусветнага ўзроўню ў Мінску

11 февраля 2017

На "Чыжоўка-Арэне" стартавала матчавая сустрэча сусветнай групы Кубка Федэрацыі паміж зборнымі Беларусі і Нідэрландаў. Нашы тэнісісткі дэбютуюць у наймацнейшым дывізіёне. Нягледзячы на тое, што фаварыткамі гэтай сустрэчы лічацца нашы суперніцы, беларускія тэнісісткі даказалі, што здольныя не толькі змагацца на роўных з больш тытулаванымі галандкамі, але і перамагаць.

Ахвочых убачыць на свае вочы паядынак сусветнай групы сабралася так шмат, што арганізатарам прыйшлося адкрыць другі паверх спарткомплексу. Пачыналі матчавую сустрэчу першая ракетка нашай зборнай Аляксандра Сасновіч і Міхаэла Крайчэк. Саступіўшы ў стартавым сэце 4:6, Аляксандра здолела вярнуцца ў гульню і выйграць два наступныя - 6:3, 6:2, прынесучы тым самым першае ачко беларускай камандзе.

Другому нумару нашай зборнай Арыне Сабаленцы трэба было вытрымаць іспыт ад 24-й ракеткі свету Кікі Бертэнс. Паядынак атрымаўся вельмі ўпартым, і наша тэнісістка была за крок ад перамогі. Выйграўшы першы сэт 6:3, у другім Сабаленка пры тайбрэйку нават падавала на матч. Аднак больш дасведчаная Бертэнс дзякуючы добрай падачы адыгралася і, выйграўшы другі і трэці сэты, зраўняла лік у паядынку паміж зборнымі Беларусі і Нідэрландаў.

Зыход усяго паядынку вырашыцца заўтра. Першымі ў 11:00 на корт выйдуць лідары каманд - Аляксандра Сасновіч і Кікі Бертэнс, пасля згуляюць Арына Сабаленка і Міхаэла Крайчэк. У пятым парным паядынку сустрэнуцца Вера Лапко і Вольга Гаварцова, а таксама Сіндзі Бургер і Аранча Рус. Праўда, капітаны каманд за гадзіну да старту першага матча і за 20 хвілін да пачатку двух наступных могуць правесці замены гульцоў.