Таццяна Шаракова ўзяла першы медаль для зборнай Беларусі на этапе Кубка свету па веласпорце на трэку

1 ноября 2019
Адна з галоўных спартыўных падзей гэтых дзён - этап Кубка свету па веласпорце на трэку, які веладром "Мінск-Арэны" прымае ўжо  другі раз у гісторыі. 

Падзея асаблівая і прыкметная, бо гэты этап у цяперашнім календары першы з шасці запланаваных. А з будучага сезона такая сетка зменіцца - этапаў стане тры.

Акрамя таго, спаборніцтвы ў Мінску арганізатары разбілі на чатыры, а не на тры дні. Але галоўнае - да нас ізноў прыехалі лепшыя велагоншчыкі сучаснасці:  386 спартсменаў, 57 каманд з 44 краін. Змагаюцца не толькі за медалі этапа Кубка свету, але і за рэйтынгавыя алімпійскія балы. 

Андрэй Казлоў правёў час на веладроме. 

Менавіта з аднаго з галоўных класічных твораў ХХ  стагоддзя сёння пачалася ўрачыстая цырымонія адкрыцця этапа Кубка свету. "Час, наперад!" Георгія Свірыдава як сімвал таго, што веласпорт на трэку не стаіць на месцы. 

Наталля Цылінская, старшыня Беларускай федэрацыі веласіпеднага спорту: "Мы з першага разу зрабілі ўсё вельмі годна, і не было ніякіх негатыўных водгукаў". 

Ну а кампазіцыі гурта Queen  з чэмпіёнскім кантэкстам  гэтым вечарам заслужылі нямногія. Аднак усе тыя, хто стаў сведкамі барацьбы ў веласіпедным спаборніцтве высокага ўзроўню, засталіся пераможцамі.

У велатрэку ёсць такая асаблівасць:  шмат цікавага праходзіць не толькі на спаборніцтвах, але і тут, у ядры нашага веладрома. Ззаду мяне дзяўчаты рыхтуюцца да  напружанага  старту. Падрыхтоўка ў боксах не спыняецца. Украінскі атлет яшчэ задаўга да свайго старту працягвае круціць педалі.

І пакуль на веладроме "Мінск-Арэны" медалі разыгрывалі дзяўчаты,  мужчыны разміналіся. 

Першы медальны дзень этапа Кубка свету па веласпорце на трэку

Этап Кубка свету па веласпорце на трэку зноў выйшаў за рамкі спартыўнага мерапрыемства, бо да нас прыехалі зоркі сусветнай велічыні. Адна з самых прыкметных - італьянская велагоншчыца Летыцыя Патэрностэр, якая ўжо была ў Беларусі, калі падчас цырымоніі закрыцця II Еўрапейскіх гульняў несла флаг роднай краіны. На этапе Кубка свету разам з камандай дзяўчына заваявала бронзу.

Таццяна Шаракова прынесла першы медаль зборнай Беларусі

У суботу на веладроме "Мінск-Арэны" нашым балельшчыкам варта звярнуць увагу  на скрэтч, бо ў ім будзе змагацца за ўзнагароды тытулаваны беларускі велагоншчык Яўген Каралёк. 

І ўдвая будзе прыемна сачыць за выступленнем Жэні, бо сёння медальны старт для зборнай Беларусі ўзяла Таццяна Шаракова, якая заваявала бронзу ў групавой гонцы па ачках. Яна  абышла саперніц перш за ўсё тактычна. На нядаўнім чэмпіянаце Еўропы ў гэтай жа дысцыпліне Таццяна  выйграла серабро.