Ці здолее новы галоўны трэнер Алег Дулуб утрымаць БАТЭ на вяршыні

14 января 2018

На тыдні мы даведаліся, здаецца, галоўную футбольную навіну зімы. У лепшай каманды краіны новы галоўны трэнер.

Ужо колькі прагнозаў і чутак вакол гэтай тэмы хадзілі. І вось, нарэшце, поўная выразнасць. Аляксандр Ермаковіч, які прапрацаваў у БАТЭ дваццаць гадоў, спачатку ў якасці футбаліста, потым трэнера і, нарэшце, галоўнага трэнера, сыходзіць у маскоўскі ЦСКА ў дапамогу да яшчэ аднаго экс-трэнера барысаўчан - Віктара Ганчарэнкі.

Паралельна ад'езду Ермаковіча, "жоўта-сінія" прэзентавалі новага настаўніка. Гэта Алег Дулуб. Вядомы і дасведчаны трэнер, апошнім месцам працы якога значыўся адэскі "Чарнаморац". Ці здолее ён утрымаць БАТЭ на вяршыні?

Планка, безумоўна, высокая: апошнія 12 гадоў барысаўчане нязменна бяруць золата нацыянальнага чэмпіянату. Рэгулярна выступаюць у групавых стадыях еўракубкаў. Так хто ж ён - новы рулявы беларускага футбольнага гранда. Раскажа Павел Капуцкі. 

Пытанне аб магчымым супрацоўніцтве з БАТЭ заспела трэнера знянацку. Гэтае інтэрв'ю мы бралі ў Алега Дулуба 11 снежня, на наступны дзень пасля яго вяртання з Адэсы.

Спецыяліст яшчэ быў на кантракце з "Чарнаморцам". За тры месяцы ён здолеў выцягнуць маракоў з нізоў табліцы ўкраінскага чэмпіянату.

А гэта ўжо 8 студзеня. Першая прэс-канферэнцыя Алега Дулуба ў якасці галоўнага трэнера БАТЭ. Гаворыць аб пяці прапановах ад розных клубаў. Выбраў не самы выгадны, затое стабільны і перспектыўны варыянт.

Кантракт разлічаны на адзін сезон з опцыяй падаўжэння яшчэ на год. Так мала ў БАТЭ не працуюць. За гісторыю клуба гэта толькі пяты галоўны трэнер. Да гэтага былі Юрый Пунтус, Ігар Крывушэнка, Віктар Ганчарэнка і Аляксандр Ермаковіч.

Старшыня БАТЭ Анатоль Капскі зрабіў, здавалася, немагчымае - паставіў ля руля чалавека не з клубнай сістэмы. Тым больш, трэнер працаваў у галоўнага канкурэнта - мінскім "Дынама". Але і Капскі, і Дулуб вырашылі выйсці з зоны камфорту.

На пашырэнне зоны камфорту вырашыўся Аляксандр Ермаковіч. За чатыры поўныя сезоны трэнер тройчы выводзіў БАТЭ ў групавую стадыю еўракубкаў, нікому не саступаў у чэмпіянаце і сышоў сам. Ермаковіч паехаў у Маскву, дапамагаць Віктару Ганчарэнку ў ЦСКА.

Новы трэнер БАТЭ - чалавек нестандартны. У нейкім сэнсе белая варона. Багатая гульнявая кар'ера (амаль два дзясяткі клубаў - у тым ліку з Фінляндыі, Чэхіі і Кітая). Галоўным трэнерам ён стаў толькі на парозе 50-годдзя, калі ўзначаліў "Крумкачоў" і сенсацыйна вывеў іх у вышэйшую лігу. Потым паспяховая праца ва ўкраінскіх "Карпатах" і "Чарнаморцы". Яму нічога не давалася проста, і пераход ад гульнявой кар'еры да трэнера - адно з выпрабаванняў Дулуба.

Ён у дасканаласці ведае англійскую і чытае футбольную літаратуру ў арыгінале. Кватэра сям'і Дулубаў у Дзяржынску часткова ператварылася ў бібліятэку.

Алег Дулуб напісаў і сваю кнігу. Аб'ём - 600 старонак, гэта сістэма падрыхтоўкі не толькі галоўнай каманды, але і ўсяго клуба. Яшчэ ў пачатку снежня трэнер не ведаў дакладна, дзе можна будзе выкарыстаць напрацоўкі. Зараз зразумела: гэта БАТЭ.