Стартаваў Калядны турнір на прыз Прэзідэнта Беларусі

4 января 2016

Пачнем мы сёння з адной з самых яркіх і сімвалічных падзей новага года. Добрая традыцыя, якая ўжо стала міжнароднай, - сустрэча аматараў хакея ў Мінску ў першыя дні студзеня. Такім чынам, Калядны турнір на прыз Прэзідэнта Беларусі ўжо стартаваў. Кіраўнік дзяржавы па традыцыі адкрыў спартыўнае свята, адзначыўшы непадробную цікавасць, з якой у Беларусь прыязджаюць удзельнікі спаборніцтваў. Сёлета, акрамя каманды - гаспадыні турніру, за перамогу пазмагаюцца яшчэ сем дружын - гэта Германія, Расія, Славакія, Швейцарыя, Фінляндыя, Швецыя і каманда Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Турнір у літаральным сэнсе ўсенародны, трыбуны запоўненыя не толькі беларускімі балельшчыкамі, але і гасцямі нашай сталіцы. Што і гаварыць, аматарскі статус - умоўны, турнір па праве завуць неафіцыйным чэмпіянатам свету. Усе матчы будуць праходзіць пад дахам "Чыжоўка-Арэны". Сёння ў графіку значыліся чатыры паядынкі, сярод першых на лёд выйшла і беларуская дружына.

Вынікі першага дня хакейных баталій - у Станіслава Ліпскага.

Набіраючы ўсё большую папулярнасць, Калядны хакейны турнір па традыцыі пачынае новы спартыўны год у Беларусі. Своеасаблівая візітная картка нашай краіны хоць і мае эпітэт "аматарскі", аднак той, хто сочыць за лядовымі баталіямі, ведае, што гэта хутчэй фармальнасць. У складзе каманд-удзельніц - зоркі сусветнага маштабу, якія ў свой час выступалі на лепшых хакейных арэнах свету. Адна з галоўных - Міраслаў Шатан са Славакіі.

Любоў да хакея, беларуская культура і традыцыі, зіма - лейтматывы цырымоніі адкрыцця. Кожны эпізод вянчаюць апладысменты залы. Лазернае шоу-прэзентацыя, класічная музыка і сучасны танец - абыякавых людзей на трыбунах не назіралася.

А затым на лядовую арэну вынеслі флагі краін-удзельніц. Гэтым разам восем дружын прыбылі ў Мінск. На лёд выйдуць хакеісты Германіі, Расіі, Славакіі, Фінляндыі, Швецыі, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў і Беларусі. Сярод каманд пачаткоўцаў няма, але новыя асобы з'яўляюцца. Цікавасць да турніру расце, гэта адзначыў і Прэзідэнт у сваёй вітальнай прамове.

А затым каманда Беларусі сустрэлася клюшкамі з камандай Швейцарыі. Даўнія сябры забываюць пра добрыя адносіны, як толькі ідуць на лёд.

Хакейная каманда Прэзідэнта - гаспадары турніру і адзін з традыцыйных фаварытаў. За 11 гадоў гісторыі беларусы восем разоў выйгравалі запаветны кубак. Тройчы перамога даставалася расіянам. У колькасці бронзавых узнагарод рэкардсменамі з'яўляюцца фіны. На трэцім месцы гэтая каманда аказвалася шэсць разоў.

У Швейцарыі хакей ужо з'яўляецца відам спорту нумар адзін, апярэджвае футбол, горныя лыжы і нават самога Роджэра Федэрэра, аднак каманда з краіны гадзіннікаў, банкаў і сыру на ўзроўні аматараў пакуль пагрозай аўтарытэтаў не стала.

Не атрымалася ім перамагчы і гэты раз. Зрэшты, каштоўнасці ў аматараў некалькі іншыя: лёд і хакей, у першую чаргу, у іх жыцці - аддуха. Калядны турнір у Беларусі яны ўспрымаюць як глыток свежага паветра, які дае сілы, і магчымасць быць ізноў у страі. Пасі Ніелікайнен правёў амаль чатыры сотні матчаў у элітным дывізіёне чэмпіянату Фінляндыі, шчаслівы зноў выйсці на лёд.

На гэты раз Калядны турнір сканцэнтраваўся выключна на "Чыжоўка-Арэне", і жыхары мікрараёна з задавальненнем адгукнуліся на запрашэнне. Пасля рабочага дня трыбуны запоўненыя - гульня падабаецца.

Гарадскія ўлады памяталі пра канікулы, а значыць, яшчэ большую колькасць гасцей у сталіцы, якія хочуць на наступныя чатыры дні пагрузіцца ў атмасферу хакейнага свята, і павялічылі шчыльнасць руху гарадскога грамадскага транспарту, а таксама ўвялі дадатковыя тралейбусныя і аўтобусныя маршруты №926 на ўчастку ад станцыі метро "Аўтазаводская" да спарткомплекса "Чыжоўка-Арэна" з гэтага дня і да 7 студзеня ўключна.

Непасрэдна на месцы баталій у падтрыбунных памяшканнях пра гледачоў таксама падумалі: працуюць пункты агульнага харчавання, анімацыя, у продажы атрыбутыка на любы густ.

На вялікай арэне гуляюць беларусы, швейцарцы, славакі і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. На малой - расіяне, шведы, фіны і немцы. Дзве наймацнейшыя каманды кожнай з груп сустрэнуцца ў фінале, а дзве другія каманды разыграюць паміж сабою бронзавыя медалі спаборніцтваў.

У першым матчы гульнявога дня шасціразовыя бронзавыя прызёры турніру - фіны - не пакінулі шанцаў Германіі, 7:3.

Каманда Славакіі громіць апанентаў з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, 14:3. Расія прайгравае Швецыі, нечакана 1:8.

Улічваючы сённяшнія вынікі, заўтра беларусы могуць датэрмінова выйграць групавы турнір і забяспечыць сабе месца ў фінале. Для гэтага трэба абгуляць славакаў. Зрэшты, не толькі пра хакей думаюць удзельнікі. Пад Раство яны наведаюць Радашковіцкую школу-інтэрнат, каб уручыць падарункі дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў.