Старт Алімпіядзе дадзены

8 февраля 2014

Цырымонія адкрыцця Алімпійскіх гульняў доўжылася амаль тры гадзіны. Задзейнічана было больш як 3 тысячы артыстаў, 12 тысяч чалавек пастановачнай групы, пашыта каля 6 тысяч касцюмаў. У аснову ўрачыстага дзеяння быў пакладзены сон маленькай дзяўчынкі. Гэта 18 эпізодаў пра гісторыю Расіі.


За ўсёй цырымоніяй назіраў Іван Міхайлаў. У Снах аб Расіі (менавіта так арганізатары назвалі ўсё дзейства) Люба запускае паветранага змея і ляціць над зямлёй. На спецыяльнае пакрыццё стадыёна праецыруюцца віды розных куткоў вялізнай краіны: камчацкія вулканы, рускія вёскі, рака Лена, Байкал і Чукотка.


З казкі ў рэальнасць гледачоў вяртае першы з абавязковых цырыманіялаў вечара. Гімн Расіі ў выкананні хору маскоўскага Срэценскага манастыра і ўзняцце дзяржаўнага флага рукамі расійскіх касманаўтаў.


Праз некалькі хвілін на стадыёне Фішт з'яўляюцца галоўныя героі бліжэйшых двух тыдняў. Так эфектна спартсмены на стадыён не выходзілі ніколі - з цэнтра арэны, акружаныя праекцыяй планеты Зямля. Гэта быў адзін з самых маляўнічых момантаў вечара. Парад атлетаў па традыцыі адкрыла Грэцыя, а крыху пазней стадыён узрываецца апладысментамі. Перад усім светам паўстае каманда Беларусі! Дзяржаўны флаг нашай краіны ў руках алімпійскага чэмпіёна Ванкувера Аляксея Грышына. Разам з 40-тысячным стадыёнам нашых спартсменаў вітае і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.


Усяго перад вачамі 40 тысяч гледачоў і мільярдаў тэлегледачоў прайшлі каманды з 88 краін. Адны, як Венесуэла, прадстаўленыя ўсяго адным спартсменам, другія, як Расія, - некалькімі сотнямі. Гаспадары выйшлі на арэну пад песню Нас не дагоняць. Хіт групы Тату гучаў як абяцанне расійскім балельшчыкам.


А далей увесь свет убачыў тое, чым арганізатары цырымоніі абяцалі здзівіць. Тон задалі тры талісманы. Мішка, Леапард і Заяц вялізных памераў здзівілі сваёй неверагоднай рэалістычнасцю. Застаецца толькі здагадвацца, як удалося стварыць такі цуд тэхнікі.


Затым была кароткая гісторыя Расіі ў міні-фільме з Бандарчуком, Куцэнкам і Міхалковым. Гіганцкая 66-метровая тройка белых коней, храм Васіля Блажэннага, Пётр Першы на караблі - і ўсё ў суправаджэнні дзіўнай і грандыёзнай графікі!


Эпохі змянялі адна адну. Пасля балю Наташы Растовай Талстога настаў час падзення царскай Расіі. Гіганцкі паравоз увасабляў індустрыяльную Расію, яму на змену прыйшоў савецкі аўтапрам, піянеры і нават Дзядзька Сцёпа, якога бліскуча сыграў Мікалай Валуеў.


Ну а пасля настаў час некалькіх урачыстых момантаў: падняцця алімпійскага флага, клятвы спартсменаў, трэнераў і суддзяў і з'яўлення на стадыёне алімпійскага агню. На арэну яго выносіць тэнісістка Марыя Шарапава, перадае Алене Ісінбаевай, яна - Аляксандру Карэліну, а ад Аліны Кабаевай факел пераходзіць у рукі Ірыны Радніной і Уладзіслава Траццяка. Праз некалькі секунд у небе над Алімпійскім паркам запальваецца алімпійскі агонь.