Стадыён "Дынама" знаходзіцца ў стадыі рэканструкцыі

9 июля 2015

Будзе гатовы да 2018 года. Найстарэйшы і адзіны ў нашай краіне алімпійскі стадыён - "Дынама" - знаходзіцца ў стадыі рэканструкцыі. З футбольнай арэна ператворыцца ў лёгкаатлетычную. І нават з улікам таго, што да завяршэння работ застаюцца тры гады, стадыён ужо прэтэндуе на чэмпіянат Еўропы.

 

Рэпартаж Паўла Капуцкага.  Вялікая будоўля ў цэнтры Мінска. Тое, што тут раней быў стадыён, можна зразумець толькі па дэталях. З чатырох асвятляльных мачтаў засталася толькі адна. Няма ні крэслаў, ні бегавых дарожак, а замест поля - катлаван. 

 

У кастрычніку 2012-га БАТЭ выйграў тут у  "Баварыі". Праз два месяцы стадыён закрылі на рэканструкцыю. Мінулі два з паловай гады, а  работы па-ранейшаму вядуцца не на стварэнне, а на разбурэнне.

Дэмантаж завершаны на 80 працэнтаў, гавораць будаўнікі. Паралельна  зацвярджаюцца дэталі праекта. Згодна з планам, у ліпені 2018 года  на "Дынама" павінен прайсці чэмпіянат Беларусі па лёгкай атлетыцы. Праз год - Еўрапейскі юнацкі алімпійскі фестываль.

Старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі яшчэ на пачатку тыдня быў у швейцарскай Лазане.

Беларусь падала заяўку на зімовы чэмпіянат Еўропы - 2019. Калі выберуць нас, спаборніцтвы пройдуць на "Мінск-Арэне". Шанцы прыняць гэты турнір вялікія, чаго не скажаш  пра летні чэмпіянат - 2020. Вельмі ўжо шмат  работ трэба правесці для падрыхтоўкі "Дынама".

Легендарныя перамогі мінскага "Дынама", матчы футбольнага турніру Алімпіяды-80, яркія гульні БАТЭ і нацыянальнай зборнай. Футбольная эра стадыёна "Дынама"  ў мінулым. Пачынаецца лёгкаатлетычная.